Ці патрэбны Беларусі альтэрнатыўны ўрад у эміграцыі?


Пра стварэнне для Беларусі альтэрнатыўнага цэнтру ўлады днямі выказаліся дзве вядомыя персоны: міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс (Audronius Ažubalis) і палкоўнік Уладзімір Барадач.

Ажубаліс падчас інтэрв’ю няўрадавай арганізацыі “Carnegie Europe” паведаміў пра ідэю “радыкальнага рашэння” беларускага пытання.

“Разам з нашымі амерыканскімі сябрамі нам трэба пачаць думаць пра нейкую пераходную раду. Трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтр улады. Гэткая паралельная структура магла б мець розгалас у самой Беларусі”, – сказаў Ажубаліс і зазначыў, што пакуль з Бруселю няма ніякай рэакцыі.

А днямі ў Вільні адбыўся сход аргкамітэту дзеля стварэння пераходнага ўраду Беларусі. На ім былы камандзір 5-й асобнай брыгады спецназу палкоўнік Уладзімір Барадач паведаміў, што не прапаноўвае сябе ў лідары, а бачыць ў гэтай ролі беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Паводле Барадача, стваральнікамі аргкамітэту выступаюць беларускія эмігранты, але яе касцяк – у Беларусі. Сярод мэтаў – аб’яднанне дэмакратычных сілаў, наданне сістэмнасці працы прыхільнікаў зменаў. Арганізатары вядуць перамовы з палітычнымі сіламі ў Беларусі ды абяцаюць у хуткім часе апублікаваць прынцыпы барацьбы, мэты і задачы структуры.

Барадач прапанаваў ачоліць урад апазіцыйным палітыкам Беларусі ды ў якасці прыкладу агучыў імёны патэнцыйных кіраўнікоў: Мілінкевіч, Саннікаў, Някляеў і Казулін. А ці пагодзяцца на прапанову самі прэтэндэнты? “Белсат” датэлефанаваўся да некаторых з экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Паэт і палітык Уладзімір Некляеў зазначыў, што трэба размяжоўваць мэты Ажубаліса і Барадача: “Апошні кажа пра ценявы ўрад, Ажубаліс жа проста хоча бачыць апазіцыю інакш структураванай. Гэты розныя рэчы”.

Да пазіцыі Барадача палітык ставіцца негатыўна. А вось выказаныя Ажубалісам рэчы лічыць слушнымі ды нават неабходнымі. “Бо апазіцыя Беларусі цяпер перабывае ў гарызантальным стане. Ёй не пашкодзіла б некаторая вертыкалізацыя”, – зазначыў Някляеў.

Палітычны і грамадскі дзеяч Аляксандр Казулін адмовіўся ад каментара.

Прадпрымальнік, палітык і былы палітвязень Дзмітрый Вус, які не трапіў у пералік палкоўніка, мае сваё меркаванне на гэты конт. На ягоную думку, толькі Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец здольныя супрацьстаяць існай уладзе. Але абодва застаюцца за кратамі. А тыя, хто на свабодзе, напрыклад, як Саннікаў ці Казулін, – запалоханыя.

“Стварэнне такога ўраду выклікае шмат пытанняў, – зазначае Вус. – Па-першае, кім яго ствараць? Я чытаў учора артыкул, дзе Барадач называе Мілінкевіча – агентам КДБ. Кастусёў, Раманчук, паводле Барадача, – таксама супрацоўнікі спецслужбаў. А Саннікаў і Казулін не палезуць ва ўрад, бо ўлада іх вельмі моцна запалохала”.

Другім асноўным пытаннем стварэння альтэрнатыўнага ўраду Вус называе фінансаванне яго ў выгнанні. Паводле палітыка, Еўропа і ЗША на падтрыманне і развіццё дэмакратыі ў Беларусі вылучаюць прыкладна да 20 мільёнаў даляраў на год. “Уявім, што гэтыя грошы пойдуць на новы ўрад, – кажа Ус. – Але пабачым, колькі Расея вылучыць на падтрыманне дзенай улады – 8 мільярдаў даляраў і розныя датацыі, столькі ж. Атрымліваецца, што 20 мільёнаў “заходніх” даляраў супраць 16 мільярдаў “расейскіх” даляраў. Непараўнальна. Сённяшнія псеўдадэмакраты, якія шмат гадоў сядзяць на грантах, свае правы не здольныя абараніць, не кажучы аб правах усіх беларусаў”, – зазначыў Вус.

belsat.eu

Стужка навінаў