Беларусы ўсё часцей едуць жаніцца на Мальдывы


Вясельныя цырымоніі ў экзатычных краінах робяцца папулярнымі сярод беларусаў, паведаміла начальніца аддзелу продажу кампаніі «Тэз Тур» Алена Юшкевіч 15 траўня ў Менску падчас круглага стала, прысвечанага адпачынку беларусаў у экзатычных краінах.

«Маладыя часта выбіраюць Мальдывы, Шры-Ланку, каб правесці афіцыйную або сімвалічную вясельную цырымонію», – паведаміла яна.

Аднак, паводле Алены Юшкевіч, у некаторых выпадках знаходжанне ў экзатычнай краіне выліваецца для беларусаў у зусім нечаканыя праблемы, звязаныя з культурнымі асаблівасцямі. «Турысты, якія прызвычаіліся адпачываць у Егіпце, дзе пачуваешся расслаблена, бо там няма жорсткіх культурных патрабаванняў, выязджаюць у Эміраты – і ў іх узнікаюць праблемы», – зазначыла прадстаўніца турыстычнай кампаніі.

Такую ж думку выказала і кіраўніца інфалініі пра бяспечны выезд і побыт за мяжою 113 МГА «Гендарныя перспектывы» праграмы «Ла Страда» Ірына Пацановіч. «Часта турысты надаюць увагу выбару гатэлю і колькасці зорак, але забываюць пра тое, што трэба зрабіць ксеракопію дакументаў, каб іх у выпадку чаго можна было аднавіць і вярнуцца на радзіму. І, вядома, пытанням культуры. Напрыклад, у Індыі мужчынам і жанчынам не дазволена дэманстраваць адносіны, нават калі гэта сямейная пара. Бываюць выпадкі, калі турысты могуць быць затрыманыя паліцыяй за тое, што яны адзін аднаго абдымаюць або прылюдна цалуюцца», – сказала Пацановіч.

Экзатычнымі для беларусаў з прычыны геаграфічнага становішча і коштаў туру застаюцца Дамініканская Рэспубліка, Куба, Мексіка і Бразілія, аднак паступова развіваюцца і гэтыя кірункі.

Загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцыяў Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі ды грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч рэкамендавала перад паездкаю праверыць, ці не спатрэбяцца дадатковыя прышчэпкі (супраць халеры, жоўтай ліхаманкі, малярыі або гемарагічнай ліхаманкі Ласа). Спіс краінаў, пры ўездзе ў якія рэкамендуецца зрабіць прышчэпкі, размешчаны на афіцыйным сайце цэнтру.

belsat.eu

Стужка навінаў