«Washington Times» напісаў пра «Белсат»


Амерыканская газета «Washington Times», другая паводле папулярнасці ў сталіцы Злучаных Штатаў, апублікавала артыкул Маркуса Куўканэна пра ініцыятывы для Беларусі: тэлебачанне «Белсат», «ARU TV» і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Значную ўвагу аўтар прысвяціў «Белсату».

У артыкуле падкрэсліваюцца складаныя ўмовы, у якіх працуюць у Беларусі журналісты, звязаныя з тэлеканалам. Аўтар піша пра ролю каналу, якая палягае ў прэзентаванні беларусам альтэрнатыўнага пункту гледжання.

«Белсат», нягледзячы на некалькі спробаў, не атрымаў акрэдытацыі ад Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь; журналістаў і аператараў каналу могуць затрымаць падчас выканання працоўных абавязкаў. Аўтар артыкулу падкрэслівае, што дзякуючы «Белсату» відэаздымкі з затрыманняў і збіцця падчас дэманстрацыяў у Беларусі трапляюць у свет.

Паводле цытаваных Маркусам Куўканэнам каментатараў, «Белсат» дае прадстаўнікам беларускай апазіцыі, якія не маюць магчымасці выступіць на дзяржаўным тэлебачанні, прэзентаваць сваю пазіцыю ў эфіры.

Тэлеканал таксама адраджае беларускую мову, якую змясцілі ў моўнае гета, бо расейская мова дамінуе ў дзяржаўных медыях.

У артыкуле гаворыцца, што такія ініцыятывы, як «Белсат», «ARU TV» і ЕГУ, даюць надзею на постлукашэнскаўскую будучыню.

Поўны тэкст артыкулу па-англійску на сайце «Washington Times».

Глядзі таксама
Каментары