Міністэрства абароны хоча прагназаваць з Расеяй «вайну будучыні»


Міністэрства абароны Беларусі заклікае расейскіх калегаў перагледзець сваё рашэнне пра адмову ад фінансавання з 2013 г. супольных фундаментальных працаў аб прагназаванні «вайны будучыні».

«Супольную працу з Міністэрствам абароны Расеі мы планавалі адкрыць у 2013 г. Але, на жаль, на 2013 г. запланаваныя супольныя дзеянні па аператыўным рыхтаванні, і Генштаб Расеі прыняў рашэнне не фінансаваць гэтую працу. Мы прапаноўваем перагледзець гэтае рашэнне ды ініцыюем пачатак супольнай працы ў бліжэйшай перспектыве», – цытуе «Интерфакс-Запад» намесніка начальніка Генштабу Узброеных сілаў Беларусі Алег Крываноса, які заявіў пра гэта ў сераду на беларуска-расейскай канферэнцыі ў пытаннях ваенна-тэхнічнай супрацы.

Міністэрствы абедзвюх краінаў рыхтавалі праграму Саюзнай дзяржавы, арыентаваную на прагназаванне «вайны будучыні».

«У ваеннай навуцы галоўная задача сёння – зазірнуць за 15–20-гадовы гарызонт. Кожны паасобку будзе ўлічваць інтарэсы толькі сваіх ведамстваў, але калі мы будуем адзінай абароннаю прастораю, то працаваць трэба разам», – падкрэсліў Крыванос.

У прыватнасці, Беларусь і Расея мусяць падрыхтаваць доўгатэрміновую канцэпцыю, якая будзе адлюстроўваць перспектыўныя віды ўзбраенняў, долі відаў узброеных сілаў ва ўзброенай барацьбе, змястоўную частку ўзброенай барацьбы.

Алег Крыванос паведаміў, што ў Беларусі ўжо створаны Цэнтр мадэлявання ваенных дзеянняў і беларускі бок разлічвае на развіццё супольных праектаў на гэтай аснове. У выпадку паспяховай рэалізацыі беларуска-расейскіх фундаментальных даследаванняў у частцы канцэпцыі «вайны будучыні», «такую схему ў перспектыве можна распаўсюдзіць і на АДКБ», мяркуе намеснік начальніка Генштабу Узброеных сілаў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў