Кавалёва: Лукашэнка ў душы разумее – надышоў час


Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэракт у менскім метро, наведваюць з тыднёвым візітам Польшчу на запрашэнне тэлеканалу TVN. Візіт адбываецца ў межах акцыі “Стоп смяротнаму пакаранню ў Беларусі”. Сваякі расстралянага збіраюць подпісы знаных асобаў і неабыякавых да справы людзей пад адмысловаю петыцыяй. Петыцыю ўжо падпісалі больш за 2 тысячы чалавек.

Любоў Кавалёва кажа, што такім чынам яны з дачкою хочуць прымусіць Аляксандра Лукашэнку падпісаць мараторый на смяротнае пакаранне. Дзеянні ўладаў Беларусі яна называе помстаю за тое, што Уладзіслаў адмовіўся гуляць тую ролю, якую яму накідвалі, а таксама за ейную актыўную пазіцыю.

Любоў Кавалёва кажа, што пакуль не адчула моцнага ціску з боку спецслужбаў у сувязі са змаганнем за адмену смяротнага пакарання і спадзяецца, што не адчуе. Не сутыкалася яна і з негатыўным стаўленнем з боку простых беларусаў: “На шчасце, наш беларускі народ – народ, здольны думаць, разумець, не паддаўся на прапаганду ўладаў”.

Паводле госці “Гарачага каментара”, большая частка беларускага грамадства саспела да адмены смяротнага пакарання. “Я думаю, што ён [Аляксандр Лукашэнка] сам у душы разумее. Тым больш апошні раз, калі ён адказваў на пытанне пра адмену смяротнага пакарання, сказаў, што катэгарычна не пойдзе на гэта, але напрыканцы крыху змяніў сваё меркаванне. Я думаю, ён прыйдзе да такой думкі, што трэба адмяняць смяротнае пакаранне”.

belsat.eu

Стужка навінаў