Аўтар "Мусорка" пайшоў здавацца і атрымаў 15 дзён арышту


Паводле абражанага міліцыянта Кандрацьева, Іван Амельчанка абразіў не толькі яго, але і ўсіх працаўнікоў праваахоўных органаў. Кандрацьеў успрыняў апладысменты і смех удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” як доказ абразы. Суддзя Міхаіл Хома са зразуменнем паставіўся да пачуццяў праваахоўніка і прысудзіў Амельчанку 15 содняў адміністратыўнага арышту. Калі гледачы працэсу пакінулі залу, калегі “мусарка” засталіся з асуджаным. Паводле сведкаў, яны праводзілі з ім размову, змест якой застаецца невядомым.

Учора Іван Амельчанка добраахвотна “здаўся” міліцыі. Моладзевага актывіста затрымалі ў РАУС Ленінскага раёну і даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Перад тым, як пайсці на размову ў пастарунак, аўтар легендарнага плакату Іван Амельчанка даў інтэрв’ю “Белсату”.

Хлопец распавёў, што вырашыў пайсці на размову да міліцыянтаў, бо яму надакучыла іх павышаная ўвага: прыходзілі дадому, прыязджалі ў вёску да бацькоў, апытвалі мясцовых жыхароў, сочаць за мабільным.

Івана Амельчанку выклікалі на гутарку нібыта ў справе аб масавых беспарадках 19 снежня (справа закрытая). Ён быў гатовы, што яму могуць прысудзіць 15 дзён арышту паводле сфабрыкаванага пратаколу, напрыклад, за лаянку матам. Нягледзячы на гэта, сказаў, што пра свой учынак не шкадуе.

У апорны пункт у мікрараёне “Лошыца” яго выклікалі на 15:00. Негатыўныя наступствы гутаркі хлопец збіраўся мінімізаваць, узяўшы з сабою адваката. Аднак апошняга ў пастарунак не пусцілі. З апорнага пункту Івана Амельчанку накіравалі ў Ленінскае РУУС, дзе яго затрымалі.

На сёлетнім “Чарнобыльскім шляху” 25-гадовы Іван Амельчанка з самаробным плакатам стаў каля службоўца ў цывільным, які здымаў акцыю на відэа. Жарт маладога чалавека хутка стаўся хітом інтэрнэту.

belsat.eu

Стужка навінаў