Галіцкая пра суды над маладафронтаўцамі: можа, гэта новы міністр?


Актывістаў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт” Рамана Васільева і Дзмітрыя Крамянецкага суд Цэнтральнага раёна Менску пакараў сёння дванаццаццю і дзесяццю днямі арышту, адпаведна. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, маладзёнаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Раней яшчэ аднаго актывіста “Маладога фронту”, Мікалая Дземідзенку, асудзілі да дзесяці дзён арышту, таксама за дробнае хуліганства.

Усіх трох актывістаў затрымалі ў Менску 14 траўня. Людзі ў цывільным адчынілі дзверы кватэры маладафронтаўцаў сваім ключом і паклалі ўсіх, хто знаходзіўся ўнутры, тварам на падлогу. Праз некаторы час працаўнікі спецслужбаў вывелі з кватэры Рамана Васільева і Дзмітрыя Крамянецкага. Маладыя людзі тры дні таму выйшлі з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе адбывалі 15-содневы арышт за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. Пазней стала вядома, што затрымалі таксама намесніка старшыні “Маладога фронту” Мікалая Дземідзенку.

Актывісты арганізацыі звязваюць затрыманне сваіх таварышаў з пачаткам акцыі “Горад наш”, падчас якой на вуліцы Няміга вывесілі бела-чырвона-белы сцяг.

Акрамя таго, 14 траўня яшчэ аднаго актывіста “Маладога фронту”, Міхася Мускага, які меўся выйсці на волю 11 траўня пасля пятнаццацідзённага арышту, суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў яшчэ да пяці содняў арышту.

Актывістка арганізацыі Кася Галіцкая магчымую прычыну палявання на маладафронтаўцаў бачыць у прызначэнні новага міністра ўнутраных справаў. Анатоля Куляшова на пасадзе днямі замяніў ягоны намеснік Ігар Шуневіч, які праславіўся допытамі ў справе масавых беспарадкаў 19 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў