Трэнер ФК “Гомель” не паедзе на матч з “разбэшчаным” БАТЭ


У выніку скандалу паміж футбольнымі клубамі БАТЭ і “Гомель” галоўны трэнер “Гомля” ўсё ж вырашыў праігнараваць наступны матч у Барысаве. Ён без перабольшання пераказаў “Белсату” словы, што выклікалі скандал і пагрозы падаць у суд.

Галоўны трэнер ФК “Гомель” Алег Кубараў адмаўляецца прыязджаць на гульню ў адказ з БАТЭ, якая мае адбыцца ў Барысаве праз месяц. Гэты паказальны пратэст выкліканы абразлівымі паводзінамі футбаліста БАТЭ на гульні, што прайшла 12 траўня ў Гомлі.

“Пасля матчу адзін з футбалістаў БАТЭ падбег да трэнерскай лавы і пракрычаў, каб мы адс***лі. Я разумею, што ім кіраваў геройскі настрой, і гэта быў рэванш пасля нашай перамогі над імі ў сакавіку, але гэта непрымальна”, – кажа Алег Кубараў.

Паводле Алега Кубарава, на гульню ў Барысаў замест яго паедуць іншыя кампетэнтныя асобы са складу ФК “Гомель”.

Гісторыя канфлікту

12 траўня на пасляматчавую прэс-канферэнцыю трэнеры выйшлі паасобку. Калі на 1-й хвіліне з залы барысаўскаму трэнеру Віктару Ганчарэнку зрабілі намёк на тое, што суддзі падсуджвалі ягонай камандзе, той раззлаваўся і сышоў.

Далей з’явіўся Алег Кубараў, які сказаў, што пасля абразлівага інцыдэнту на полі чакае ад БАТЭ выбачэнняў. Пераможца ж сустрэчы, у сваю чаргу, адмаўляе інцыдэнт і пагражае падаць на “Гомель” у суд за абразу. На сайце клубу таксама можна знайсці здзеклівую заяву з парадамі спадару Кубараву.

Няпростае слова

У футбольнай практыцы часта сутыкаюцца з абразлівымі жэстамі, словамі ды нават расісцкімі выказваннямі. Нягледзячы на тое, што перад сезонам футбалісты і трэнеры даюць клятву сумленнай гульні (fair play), забавязваюцца паводзіцца годна, гуляць у сумленны футбол і ставіцца адзін да аднаго з павагаю.

У інтэрв’ю “Белсату” Алег Кубараў сказаў, што ў Беларусі сітуацыя з паводзінамі футбалістаў выйшла з-пад кантролю. “Я звярнуў увагу на гэта, бо надышоў час навесці парадак. Каб вінаваты разумеў, што ён можа панесці пакаранне. У нас гэта ўсё спускаецца на тармазах. Павагі ніякай няма”, – кажа трэнер.

У Федэрацыі футболу існуюць інструменты, якія мусяць рэгуляваць падобныя канфлікты. За неэтычныя паводзіны футбаліст можа атрымаць дыскваліфікацыю.

Заўзятараў футболу маюць сваё меркаванне наконт прычынаў, з якіх адно слова выклікала такі скандал. БАТЭ нефармальна лічаць галоўным клубам Беларусі, бо ён удзельнічаў у спаборніцтвах Лігі чэмпіёнаў. Таму мае прывілеі ды паблажкі, нават з боку суддзяў, і дазваляе сабе больш за астатніх.

belsat.eu

Стужка навінаў