Суздальцаў: «Рытуальны візіт» Пуціна можа ператварыцца ў супрацьстаянне


“І Астане, і Менску хацелася б, каб у першую чаргу прыехаў да іх. Гэта сімвалічная рэч і прызначаная ў большай ступені для ўнутранага палітычнага рынку”, – падкрэслівае маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

“Пуцін з кірункам ужо вызначыўся: гэта будзе адна з краінаў СНД. Паездка можа адбыцца ў перыяд пасля самітаў СНД і АДКБ, якія пройдуць у Маскве 15 траўня, але да саміту Расея – ЕЗ 3–4 чэрвеня ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль прэзідэнт вылеціць у Кітай”, – цытуюць “Известия” словы крыніцы, блізкай да адміністрацыі расейскага прэзідэнта. Выбар стаіць паміж Беларуссю і Казахстанам як самымі блізкімі партнёрамі, рашэнне будзе прынятае на нефармальнай сустрэчы лідараў СНД 15 траўня. Хутчэй за ўсё, выбар будзе зроблены на карысць Менску, піша выданне.

“Лукашэнка б’ецца за тое, каб першы візіту адбыўся ў Менск. Я ведаю, што на гэтае пытанне кінутыя вялікія сілы і ў Менску, і ў Маскве – ідзе сапраўдная вайна, хто першы прыме Пуціна, – зазначае палітолаг. – З іншага, боку гэта PR-ход, і ён не мае дачынення да рэальнай палітыкі”.

Эксперт зазначае, што ў Менску і Масквы – цэлы комплекс нявырашаных праблемаў. Да таго ж вядома пра напружаныя асабістыя дачыненні паміж двума кіраўнікамі дзяржаваў. “Можа, акурат такі рытуальны візіт можа ператварыцца ў жорсткае супрацьстаянне ў шэрагу пытанняў. Канечне, беларускі друк, афіцыйныя медыі падымуць на шчыт візіт Пуціна, калі ён у першую чаргу паедзе ў Менск. Няхай падымаюць, але гэта не выратуе рэжыму Лукашэнкі”, – заявіў Андрэй Суздальцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў