Свінакомплекс Чыжа можа забрудзіць Налібоцкую пушчу


Блізкі да сям’і Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж распараджаецца экалогіяй краіны, як сваёй уласнасцю. Ён распачаў будаўніцтва гіганцкага свінакомплексу для вытворчасці бекону побач з Налібоцкаю пушчаю.

«Тэарэтычна гэтую будоўлю можна прыціснуць на заканадаўчым узроўні, – кажа загадчык аддзелу экалагічнага аўдыту РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» Павел Лабадзенка. – Паводле запланаванай колькасці галоваў гэты комплекс трапляе ў пералік аб’ектаў, якія ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе».

Навуковец нагадвае пра існаванне арт. 13 Закону Рэспублікі Беларусь № 54-З ад 9 лістапада 2009 г. «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе». Паводле яго, комплексы, разлічаныя на 900 свінаматак ды 3000 адкормачных свінняў і больш, трапляюць пад абавязковую экалагічную экспертызу. Чыж плануе пабудаваць аб’ект на 110 тыс. галоваў.

Паводле Паўла Лабадзенкі, ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе робіцца яшчэ на перадпраектнай стадыі, аднак у інстытут з такім запытам ніхто не звяртаўся. «Каб дакладна даведацца, забрудзіцца экалогія Налібоцкай пушчы ад працы свінакомплексу ці не і вылічыць памер шкоды, трэба правесці разлікі: неабходна бачыць геалогію, разрэз, абароненыя падземныя воды ці не…», – гаворыць суразмоўца.

Мянчук Аляксандр Дук – кухар кавярні «Пціч», дзе шмат гадоў робіць шашлыкі са свініны. Здаецца, яму не мусіць замінаць будаўніцтва гіганцкага канвееру сыравіны для страваў. Аднак ён мяркуе, што ў Беларусі для гэтага можна знайсці іншае месца: «Свінаферма – вядома, не АЭС, але з такіх дробязяў складаецца абыякавае стаўленне ўладаў да электарату».

Паводле Аляксандра Дука, нездарма ў найвышэйшых колах усё часцей узгадваюць пра дэфіцыт мяса. «Разгортваецца чарговая грандыёзная будоўля стагоддзя. Раней была пабудаваная нацыянальная бібліятэка, а цяпер мы будуем нацыянальную свінаферму», – жартуе ён. Аляксандр заўважае, што свінакомплекс мае паўстаць на ворных землях, якія Аляксандр Лукашэнка падчас апошняга паслання да беларускага народу і Нацыянальнага сходу катэгарычна забараніў аддаваць інвестарам.

Тым часам нават біялагічна ачышчаныя сцёкавыя воды са свінагадоўчых комплексаў адмоўна ўплываюць на вадаёмы ў радыусе 30 км. За гадзіну свінакомплекс на 108 тыс. галоваў выкідвае ў паветра 58 кг аміяку, 88 кг пылу, мільярды мікробаў.

Апрача гэтага, будаўніцтва свінакомплексу агульнаю плошчаю 2,5 тыс. га наносіць страты СВК «Пяршаі». Працы вядуцца на рапсавым полі, а зняты грунт ссыпаюць на поле, засеянае пшаніцаю. Гаспадарка таксама страціць тэрыторыю. Супраць аб’екту выступаюць і жыхары навакольных вёсак: Даўгулёўшчыны, Канюшаўшчыны і Пяршаяў. Хаты некаторыя з іх трапяць у так званую санітарную зону, якая чамусьці складае ўсяго 1 км. Дарэчы, пашпарту аб’екту мы так і не знайшлі, а тэлефоны забудоўніка – СТАА «Данпрод» – не адказваюць.

belsat.eu

Стужка навінаў