Улады забаранілі прадстаўнікам ЛГБТ пікетаваць Партыю БНФ


У Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, што адзначаецца 17 траўня, у Менску будуць саджаць расліны і класці плітку. А офіс Партыі БНФ нельга пікетаваць згодна з Законам аб масавых акцыях. Такімі прычынамі чыноўнікі з Менгарвыканкаму патлумачылі сваю адмову на правядзенне ў сталіцы пікетаў супраць гамафобіі.

14 траўня актывіст беларускага ЛГБТ-руху і заяўнік згаданых акцыяў Сяргей Андросенка атрымаў афіцыйныя лісты з Менгарвыканкаму. У іх – тры адмовы на правядзенне трох акцыяў, заяўленых на 17 траўня актывістамі праваабарончага праекту «ГейБеларусь».

«Першы пікет на плошчы Бангалор забаранілі, бо ў гэты дзень будзе праводзіцца рамонт цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі, малых архітэктурных формаў і высадка зялёных насаджэнняў. Офіс Партыі БНФ не дазволілі пікетаваць таму, што нельга праводзіць масавыя акцыі на адлегласці менш як 50 метраў ад мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў», – расказвае «Белсату» Сяргей Андросенка.

Заяўку на пікет перад офісам Партыі БНФ разам са спадаром Андросенкам падаваў гомасексуаліст і сябра гэтай партыі з Маладзечна Валянцін Цішко. Акцыя мела быць накіраваная супраць гамафобных выказванняў намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова, а таксама супраць ягоных заклікаў да дыскрымінацыі сексуальных і гендарных меншасцяў.

Правядзенне трэцяй акцыі было запланаванае ў цэнтры Менску на Нямізе. Чыноўнікі палічылі, што пікет з дзесяці ўдзельнікаў будзе перашкаджаць функцыянаванню ўстановаў.

«Была надзея, што хоць адну акцыю дазволяць. Але для мяне нічога звышнатуральнага не адбылося. Бо ў Беларусі гамафобія – гэта тое, што глыбока яднае апазіцыю з уладаю. Першыя часта заклікаюць да дыскрымінацыі і гвалту ў адносінах да ЛГБТ-супольнасці. Другія, маючы механізмы і рэсурсы, дыскрымінуюць геяў, забараняюць праводзіць акцыі нават у такіх непапулярных месцах, як парк Дружбы народаў», – падкрэслівае Сяргей Андросенка.

ЛГБТ-супольнасць вырашыла, што замест пікету каля офісу Партыі БНФ у арганізацыю перададуць петыцыю, паведаміў актывіст.

Міжнародны дзень супрацьдзеяння гамафобіі адзначаецца па ўсім свеце 17 траўня. У гэты дзень у 1991 г. гомасексуальнасць выключылі з Міжнароднай класіфікацыі хваробаў Сусветнай арганізацыі здароўя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары