Навошта Назарбаеў прыляцеў да Лукашэнкі?


Другі дзень прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў гасцюе ў беларускага калегі. Што гэта: чарговы іміджавы візіт, ці вырашэнне шэрагу канкрэтных пытанняў?

Пракаментаваць візіт высокага госця “Белсат” прапанаваў палітолагу, эксперту аналітычнага цэнтру “Стратэгія”, аўтару больш як 800 публікацыяў пра праблемы ўнутранай і замежнай палітыкі Беларусі Валерыю Карбалевічу.

“Кожны візіт мае некалькі функцыяў: гэта і PR, імідж, і развязанне нейкіх праблемаў у дачыненнях паміж дзяржавамі, – кажа эксперт. – Але чакаць ад гэтага візіту пэўнага плёну – складана. Пасля ўзгаднення пазіцыяў у межах АЭП у Беларусі з Казахстанам гледзішчы і так супадаюць, а вось з Расеяй – не. Магчыма, будуць вырашацца эканамічныя праблемы, бо Беларусь рэалізоўвае ў Казахстане свае праекты. Акрамя таго, у Казахстану шмат грошай, і ён гатовы ўкладаць у Беларусь. Зноў жа, Лукашэнка можа падняць адвечнае пытанне: атрыманне ад Казахстану нафты і газу, якія ў таго ёсць”.

Паводле вынікаў сённяшніх перамоваў у Менску кіраўнікоў Беларусі ды Казахстану Аляксандра Лукашэнкі ды Нурсултана Назарбаева падпісаны пакет дакументаў пра супрацу. Міністры замежных справаў падпісалі міжурадавую дамову пра ўзаемнае выдаванне зямельных участкаў дзеля размяшчэння дыпламатычных прадстаўніцтваў. Падпісаная таксама дамова пра супрацу ў галіне сельскай гаспадаркі паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі дзвюх краінаў.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаваў падпісаны мемарандум пра супрацу паміж ААТ “Агат – сістэмы кіравання” (кіроўнаю кампаніяй холдынгу “Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання”) і АТ “Нацыянальная кампанія “Казахстанінжынірынг” і мемарандум пра паразуменне і стратэгічную супрацу паміж Беларускім дзяржаўным канцэрнам нафты і хіміі ды АТ «КазМунайГаз».

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўленая ў тым, каб неўзабаве выйсці на буйныя супольныя праекты не толькі ў прамысловай кааперацыі, але і ў энергетычнай сферы, транспарце, лагістыцы, вобласці новых тэхналогіяў, у тэлекамунікацыях, аграпрамысловым комплексе. Нагадаем, што цяпер Беларусь ажыццяўляе ў Казахстане каля дзесяці праектаў.

Назарбаеў заявіў, што “захоплены тым, што выходныя правялі разам” з Лукашэнкам: “Я ўпершыню наведаў выдатны куток нашай планеты. Беларусь для нас – стратэгічны партнёр, блізкі сябра і саюзнік. У нас вялікія чаканні ад Мытнага саюзу, АЭП, што яшчэ больш збліжае нашыя краіны. Бліжэйшых саюзнікаў, чым Расея, Беларусь і Казахстан, на постсавецкай прасторы няма”.

Цікава, што Лукашэнка і Назарбаеў выступілі з супольнаю заяваю пра недапушчальнасць выкарыстоўваць праваабарончую тэматыку дзеля палітычнага ціску. Гэта не здзіўляе, бо Назарбаеў вядомы як аўтакратычны кіраўнік. Жорсткае задушэнне беспарадкаў у Жангаўэзене летась у снежні – яркае сведчанне. У выніку сутыкненняў з паліцыяй 16 чалавек загінулі, 64 атрымалі агнястрэльныя раненні. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыграў зяць Назарбаева Цімур Кулібаеў: ён ачольваў фонд, якому належаць акцыі цэлага шэрагу нацыянальных кампаніяў ды інстытутаў развіцця, у тым ліку нафтаздабыўная кампанія “КазМунайГаз”, працаўнікі якой страйкавалі ў Жангаўэзене.

belsat.eu

Стужка навінаў