Антытытунёвы закон з’явіцца ў Беларусі


Міністэрства аховы здароўя ініцыюе стварэнне нарматыўна-прававога акту, які б рэгламентаваў абарону насельніцтва ад наступстваў спажывання тытуню і ўздзеяння тытунёвага дыму. Савет Міністраў ініцыятыву падтрымаў, праект плануецца распрацаваць да 2013 г.

Закон будзе стварацца з улікам рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і досведу іншых краінаў, найперш партнёраў у Мытным саюзе. Напрыклад, у Казахстане ахова ад палення рэгламентуецца Кодэксам аб здароўі, а ў Расеі цяпер адбываецца грамадскае абмеркаванне федэральнага закону “Аб абароне здароўя насельніцтва ад наступстваў спажывання тытуню”.

У новым законапраекце плануецца забараніць паленне ў кавярнях, рэстарацыях ды іншых пунктах грамадскага харчавання. Пакуль агульнай забароны не існуе, і кіраўнікі самі вызначаюць правілы палення.

“Горш ад прыняцця закону дакладна не стане, – разважае дырэктар цэнтру лячэння алкагалізму “Алкамед”, доктар-псіхатэрапеўт Аляксандра Каляда. – Апошнім часам стала модна кідаць паліць. Колькасць людзей, што звяртаюцца з просьбаю пазбавіць іх благой звычкі, вырасла, сярод іх як маладыя людзі, так і пенсіянеры да 70 гадоў. Калі дзяржава паспрыяе агульнай тэндэнцыі, то станоўчы эфект мусіць быць”.

Аляксандра Каляда адзначае, што забарона паліць у кавярнях і рэстаранах дазволіць абараніць здароўе тых, хто не паліць, ад уздзеяння тытунёвага дыму.

“Ва ўсім свеце месцы для палення строга рэгламентаваныя. Забаронена паліць нават на пляжы. Дзеля палення адведзеныя пляцоўкі побач з аўтастаянкамі. Бо горш за ўсё даводзіцца тым, хто не паліць, аднак вымушаныя трываць тытунёвы дым. Думаю, што адміністратыўныя захады зменшаць жаданне паліць, бо гэта будзе нязручна”, – лічыць доктар-псіхатэрапеўт.

Пакуль паводле беларускіх законаў забаронена паленне тытунёвых вырабаў ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання, вакзалах, станцыях метрапалітэну, у грамадскім транспарце, вагонах цягнікоў, рачных судах (за выключэннем месцаў, вызначаных для палення), на прыпынках, у некаторых парках.

Паленне ў забароненых месцах караецца штрафам 400 000 рублёў. Згодна з інфармацыяй намесніка начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Алега Каразея, ад студзеня да красавіка да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 1263 правапарушальнікаў, 107 з іх – няпоўнагадовыя.

belsat.eu

Стужка навінаў