Жыхары Магілёўшчыны залазяць у пазыкі ў прадуктовых крамах


Да Слаўгарадскага раёну, у якім афіцыйна ўсталяваная сістэма продажу харчоў і тавараў першай неабходнасці ў пазыку, далучыўся і Клічаўскі. Пакуль неафіцыйна.

У аддзеле эканомікі Слаўгарадскага райвыканкаму “Белсату” паведамілі, што адпаведнае рашэнне прынялі не яны, а Магілёўскі аблспажыўсаюз у межах палітыкі спажывецкай кааперацыі, і яно распаўсюджваецца абсалютна на ўсе (!) раёны вобласці. Дык чаму толькі адзін раён яго выконвае?

“Няма ніякага нашага рашэння, мы толькі далі рэкамендацыі. Працуем згодна з інструкцыяй пра парадак продажу тавараў у крэдыт, зацверджаную загадам Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 29.04.1996 № 36. У крэдыт, а не ў пазыку. Туды могуць уваходзіць і харчовыя прадукты”, – патлумачылі нам у Магілёўскім аблспажыўсаюзе.

Інструкцыя № 36 прызначаная для выканання гандлёвымі арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія прадаюць тавары ў крэдыт. Пералік тавараў гандлёвая арганізацыя вызначае самастойна. Інструкцыя № 36 сцвярджае, што ў крэдыт можна рэалізоўваць любыя тавары (на меркаванне гандлёвай арганізацыі), а не толькі тавары працяглага карыстання.

Дык крэдыт ці пазыка? Ці паміж Магілёвам і Слаўгарадам сапсаваны тэлефон? Любоў Чэчыкава з вёскі Дулебня Клічаўскага раёну распавяла “Белсату”, што шмат месяцаў запар набывае ежу ў пазыку, а не ў ніякі не крэдыт, у бліжэйшай да вёскі краме на станцыі Нясета.

“На 400 000 у мінулым месяцы атрымалася. Хлеб, крупы, алей, цукар, соль – самае неабходнае толькі і бяру”, – кажа яна. Пенсія жанчыны складае каля 600 000 рублёў.

Ці плануюць мясцовыя ўлады легалізаваць “харчовых” даўжнікоў Клічаўшчыны і ўвесці, як у Слаўгарадскім раёне, адпаведную сістэму?

З такім пытаннем “Белсат” звярнуўся да кіраўніцтва Клічаўскага райвыканкаму. Там нават здзівіліся пытанню і перапыталі, што адбываецца ў крамах Слаўгарадскага раёну. Пазыкі ў тамтэйшых прадуктовых крамах – 300 000 рублёў на чалавека.

“Магчыма, нешта падобнае будзе і ў нас, але ў найбліжэйшы час нічога такога не плануецца”, – паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкаму.

А пакуль чуллівыя прадавачкі Клічаўшчыны, атрымліваецца, на свае страх і рызыку пакрысе даюць галодным бабулькам хлеб “пад чэснае слова”, да пенсіі.

belsat.eu

Стужка навінаў