Кітай: «імгненны будынак»


Кітайцы чарговы раз прадэманстравалі рэкордныя тэмпы ў будаўніцтве дамоў – у правінцыі Ху-Нань за дзевяць дзён паўстаў трохпавярховы офісны будынак. З выкарыстаннем традыцыйных метадаў будавання на гэта спатрэбіўся б прынамсі год.

Асноўная канструкцыя мела паўстаць за 24 гадзіны, аднак перашкодзіў моцны дождж, праблемы з прывозам матэрыялаў праз нацыянальнае свята. Тым не менш, тэмпы будовы ўражваюць. Яны сталіся магчымыя дзякуючы выкарыстанню інавацыйнай сістэмы зборных модуляў, якія транспартуюцца на будаўнічую пляцоўку ў складзеным выглядзе.

“Увесь наш працэс будаўніцтва вельмі просты і не патрабуе вельмі дасведчаных працаўнікоў. Гэта вельмі падобна да таго, як дзіця гуляецца з канструктарам”, – тлумачыць дырэктар кампаніі “Broad Sustainable Building” Сяў Чан-Гэн.

Паводле распрацоўнікаў, на будаўнічай пляцоўцы здзяйсняецца толькі 7 % працы, рэшта ж – перадусім выраб модуляў – адбываецца на адмысловых прадпрыемствах. Цікава, што ў модулях ужо ёсць неабходныя камунікацыі дзеля правядзення вады, газу і вентыляцыі. Рабочым застаецца толькі злучыць іх.

Аўтар канцэпцыі “імгненнага будынку” – мільярдэр Чжан Юэ, які зарабіў свой капітал на продажы энергаашчадных кандыцыянераў. У снежні ягоная будаўнічая кампанія ўзвяла 30-павярховы гатэль за 15 дзён, але Чжан Юэ заяўляе, што пойдзе далей і збудуе 220-павярховы дом (магчыма, ён будзе самы высокі ў свеце) за чатыры месяцы з дапамогаю модульнай сістэмы і 2000 будаўнікоў.

“Broad Sustainable Building” таксама сцвярджае, што гэтыя канструкцыі могуць вытрымліваць землятрусы магутнасцю да 9 балаў.

belsat.eu

Стужка навінаў