«Тыдзень у «Аб’ектыве»: Ці варта сілавікам баяцца помсты?


“Жывёліны, трапіце пад люстрацыю калі-небудзь абавязкова!”, “Апошні прыстойны міністр МУС – Захаранка, рэшта – фаўна”, “Трэба праклінаць гэтых “беспредельщиков” да пятага калена!” – вось толькі некаторыя з СМС, атрыманыя падчас праграмы “Тыдзень у “Аб’ектыве”, якая была прысвечаная беларускім сілавым структурам. Госці праграмы адзначаюць недавер і непрыняцце часткаю беларускага грамадства міліцыянтаў і працаўнікоў КДБ.

Шэраг сілавых акцыяў ды здарэнняў, у якіх замешаныя беларускія праваахоўнікі, выклікалі рэзананс у грамадстве: ад разгону палітычных акцыяў, такіх, як мітынг пасля прэзідэнцкіх выбараў і маўклівыя пратэсты, да адзінкавых інцыдэнтаў, не звязаных з палітыкаю: збіццё хлопца ў Калінкавічах, спецназаўская “зачыстка” ў Крупках. Ці можа выбухнуць помста з боку звычайных грамадзянаў у дачыненні сённяшніх ці былых працаўнікоў спецслужбаў і сілавых структураў?

“Аднойчы могуць здарыцца незваротныя працэсы – калі сілавікі страцяць кантроль, і падчас любога мітынгу і шэсця можа пачацца бойня, якая можа перарасці ў крывавыя падзеі. І таму мы прапаноўваем прыстойным афіцэрам не ўступаць ні ў якія канфлікты з народам, не перавышаць сваіх службовых паўнамоцтваў. І гэтыя дзеянні абароняць іх потым ад прыцягнення да крымінальнай адказнасці”, – гаворыць госць праграмы праваабаронца Алег Волчак, былы следчы.

На думку шэф-рэдактаркі газеты “Народная Воля” Святланы Калінкінай, пэўныя акты помсты мы можам назіраць ужо цяпер. “Гэта не фізічная расправа, а гэткая маральная. Напрыклад, калі душылі каля Нацыянальнай бібліятэкі інваліда, потым суседзі апазналі міліцыянта, напісалі, дзе ён жыве, і ён вымушаны быў з’ехаць з гэтага дому, змяніць адрас, і цяпер ён хаваецца, яго не могуць знайсці. Тая ж сітуацыя і ва Уруччы, дзе будуецца дом для спецназаўцаў. Людзі выходзяць супраць спецназу, яны не хочуць побач са спецназаўцамі жыць”, – зазначае журналістка.

Праглядзець праграму цалкам можна ў архіве старонкі belsat.eu.

belsat.eu

Стужка навінаў