Апытанне: МУС ператвараецца ў КДБ?


11 траўня міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў страціў сваю пасаду на карысць былога працаўніка КДБ Ігара Шуневіча. Раней Шуневіч заняў месца намесніка міністра ўнутраных справаў Алега Пякарскага, які быў звольнены «ў звязку з правіннасцямі, якія дыскрэдытуюць званне працаўніка органаў унутраных справаў». А на пачатку снежня летась быў арыштаваны яшчэ адзін намеснік былога міністра Яўген Полудзень. Тады адмыслоўцы прадракалі ўзмацненне пазіцыяў КДБ. Апошнія перастаноўкі намесніца галоўнага рэдактара «Народнай волі» Святлана Калінкіна пракаментавала як ператварэнне ўсіх сілавых структураў у КДБ.

«Белсат» запытаў менчукоў, што яны думаюць наконт пашырэння ўплыву КДБ.

«Ну, як вам сказаць: вось калі гэта будзе нас датычыць, тады, напэўна, будзе страшна, а пакуль не», – кажа мужчына.

«Яны займаюцца менавіта тым, што захоўваюць уладу Лукашэнкі. Гэта не павінна быць так, яны павінны займацца дзяржбяспекаю, а не палітычнымі нейкімі справамі», – кажа малады чалавек.

«Органы павінны абараняць народ, а не ўмешвацца ў нашае прыватнае жыццё, таму гэта дрэнна. Няхай займаюцца сваімі справамі: якімі-небудзь дзяржаўнымі сакрэтамі, нейкімі іншаземнымі шпіёнамі, а не простым народам, які хоча проста жыць у гэтай краіне і любіць яе», – мяркуюць дзве студэнткі.

«Ну, напэўна, гэта не вельмі добра. Калі канкрэтна пра мяне пытаецеся, то я нічога такога не адчуваю. Але, вядома, тое, пра што вы кажаце, – гэта жахліва», – кажа мужчына.

«Ды ну, вядома, страшна, але мы ўжо неяк і звыкліся, калі ўжо нашыя нешта не тое робяць, уласна кажучы… Сумна», – кажа жанчына.

«Сам у органах працую, таму думаю, што спакойна ў нас у краіне – няма ніякіх нявырашаных праблемаў і невырашальных, і не трэба ўсё на спецслужбы грашыць – шмат усякага бывае. Ёсць нядобрыя элементы, якія любяць ладзіць правакацыі – крымінал у асноўным. Асабліва не ўхваляю, што паадкрывалі казіно, і нам прыходзіцца кантраляваць усю гэтую дзейнасць. Мы, дарэчы, не слухаем кожнага чалавека. Ёсць акрэсленыя словы, на якія запіс рэагуе. А потым ужо такі запіс слухаем», – падзяліўся мужчына.

belsat.eu

Стужка навінаў