У Менску можна набыць "элітную" бульбу


На Камароўскім рынку маладую бульбу прадаюць па шалёным кошце – Br 50 тысяч за кілаграм. Праўда, толькі ў адным гандлёвым пункце ды толькі “для беларускай эліты”.

У крытым будынку галоўнага харчовага рынку сталіцы працуе прадпрымальніца Вікторыя. Яна прапаноўвае беларускаму пакупніку садавіну і гародніну па касмічных коштах. Бульба ў яе каштуе ад 35 да 50 тысячаў за кілаграм, цыбуля – па 50, морква – па 35 тысячаў. Гэта пры тым, што ў сярэднім маладую бульбу цяпер прадаюць па 10–15 тысячаў.

“Ёсць істотная розніца паміж бульбаю, што прывезлі з Марока ці Егіпту, і гэтай. Гэтая – з Азербайджану. Яна якасная, вырашчаная натуральным чынам на натуральных угнаеннях. Мы набываем у Маскве, і нацэнка на яе зусім малая – 30 %. Яна мусіць каштаваць яшчэ болей, амаль 150 тысячаў, калі ў яе кошт закладаць усе выдаткі”, – расказвае прадпрымальніца Вікторыя.

Цана “залатой” бульбы складаецца з шматлікіх гандлёвых выдаткаў. Дадаецца стаўка адзінага падатку, падатак на дададзеную вартасць, арэнда памяшкання (Br 2,6 млн), аплата працы грузчыка, дарога да Масквы і назад ($ 360), а таксама іншыя выдаткі, патлумачыла гандлярка.

Хаця чаргі каля прылаўку з “залатой” гароднінаю мы не заўважылі, пакупнікі на такі тавар ёсць. “Я тут гандлюю элітнай ежай 15 гадоў і напрацавала ўжо сваю кліентуру. Гэта адзінкавыя менчукі, але яны ёсць. Ёсць жа людзі, хто купляе “Бэнтлі”, айфоны па тысячу долараў. І яны хочуць есці смачную натуральную ежу”, – расказвае пра сваіх кліентаў спадарыня Вікторыя.

Прадавачка элітнай ежы хваліць смак свайго тавару: “Гэта мой тавар, я яго выбіраю і таксама сама яго спажываю. І бульба па 50 тысячаў мне падабаецца”.

Як паведамілі бізнесоўцы, у Менску толькі 2 месцы, дзе можна набыць садавіну ды гародніну для эліты. Працуе шчэ адзін пункт на рынку “Ждановічы”.

У адрозненне ад гандляроў таннаю гароднінаю “для ўсіх”, элітарныя бізнесоўцы працуюць не ўвесь год. “У асноўным працуеш у зімовы перыяд, калі шчэ няма нашага, беларускага тавару. Укладаеш мільярды, адпрацоўваеш іх, а потым – зацішша”, – дзеліцца спадарыня Вікторыя.

У гэты ж дзень на Камароўцы бульбу можна было набыць па кошце ад Br 1,5–3 тысячаў (ураджаю мінулага сезону) да Br 10–15 тысяч (маладую з Марока, Егіпту ды Украіны).

belsat.eu

Стужка навінаў