Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку


Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку, якую раней трымаў больш за два месяцы. Жонцы актывіста Алене Каваленцы стала вядома, што галадоўку Сяргей аднавіў 8 траўня. Ён па-ранейшаму пратэстуе супраць незаконнага, на ягоную думку, прысуду. “Акрамя таго, ён патрабуе вызвалення палітвязняў, свабоды для нацыянальнай сімволікі”, – сказала жонка актывіста.

Цяпер Сяргея Каваленку трымаюць у віцебскім следчым ізалятары № 2. Як адзначыла Алена, ейны муж перапыняў галадоўку на час накіравання ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (“Навінкі”), дзе цягам амаль усяго красавіка праводзілі экспертызу ягонага псіхічнага здароўя. “Калі б ён не перапыніў галадоўкі, то яго прызналі б нездаровым псіхічна. Каб даказаць, што ў яго гэтага дыягназу няма, што галадоўка – гэта ўсвядомленае рашэнне на знак пратэсту, Сяргей быў вымушаны спыніць галадаць», – патлумачыла жонка зняволенага.

“Цяпер ён вельмі хворы. Сумленны чалавек з медперсаналу ў “Навінках” сказаў, што Сяргей паступіў да іх у крытычным стане з вагою каля 40 кілаграмаў. Як маглі, медыкі за тыя тры тыдні, што ён там перабываў, выцягнулі трошкі ягонае здароўе. Але ўсё адно выпісваўся ён з цэлым шэрагам праблемаў з унутранымі органамі”, – падкрэсліла Алена Каваленка.

Яна лічыць, што ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі, якія падпісала Беларусь, у тым ліку аб правах чалавека, Сяргей Каваленка мае права на атрыманне медычнай дапамогі.

“Зыходзячы з таго, што цяпер адбываецца з Сяргеем, я раблю выснову, што ўлады і сілавыя органы проста мэтанакіравана яго знішчаюць. Мне незразумела, за што? За тое, што ён любіць родную мову? За тое, што ён беларус? За тое, што ён паважае нацыянальную гістарычную сімволіку?” – задаецца пытаннямі Алена Каваленка.

У зняволенні Сяргей Каваленка – з 19 снежня 2011 года. Тады ж ён абвесціў галадоўку. 24 лютага 2012 г. суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным апазіцыянеру ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску: тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі адновіцца 18 траўня ў Віцебскім абласным судзе.

belsat.eu
https://youtu.be/U6iQ1yyT4YE

Глядзі таксама
Каментары