Пасля арышту – чарговы суд


Актывіст арганізацыі “Малады фронт” Міхаіл Мускі, якога мусілі вызваліць 11 траўня пасля 15 дзён арышту, застаўся ў ізалятары.

Як паведамляе сайт моладзевага грамадскага аб’яднання, учора маладафронтаўцы Мікалай Дземідзенка, Раман Васільеў і Міхаіл Мускі меліся выйсці з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску пасля 15 содняў арышту. “Але, на жаль, Міхаіл так і не трапіў на волю. Сябры шукалі паплечніка, і толькі сёння раніцаю стала дакладна вядома, што Мускі зноў у ЦІПе. Дакладныя акалічнасці затрымання Міхаіла не вядомыя. У дзяжурнай частцы ЦІПу нам паведамілі, што юнак затрыманы да суда, паседжанне адбудзецца ў панядзелак у судзе Маскоўскага раёну”, – паведамляе “Малады фронт”.

“Хутчэй за ўсё Міхаілу інкрымінуюць “дробнае хуліганства”. Такая сітуацыя была вясною з Паўлам Вінаградавым, калі яго вывезлі з Акрэсціна на машыне ў РУУС, дзе склалі яшчэ адзін пратакол на падставе артыкулу 17.1 КоАП. Мяркую, што яшчэ адно затрыманне Мускага звязанае з тым, што ён адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу ў арміі ды патрабуе альтэрнатыўнай. Юнаку выдалі позву ў ваенкамат на 14 траўня, і, хутчэй за ўсё, Міхаіла прывязуць туды пад канвоем”, – пракаментавала сітуацыю праваабаронца Настасся Лойка.

Мускага ў ліку іншых актывістаў “Маладога фронту” затрымалі 26 красавіка пасля заканчэння акцыі “Чарнобыльскі шлях–2012”. Наступным днём суд Савецкага раёну прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве і прыгаварыў да 15 содняў арышту.

belsat.eu

Стужка навінаў