Назіральнікам перакрылі сувязь


Кампанія “За справядлівыя выбары” пазбаўленая магчымасці аператыўна атрымліваць інфармацыю ад сваіх удзельнікаў, што працуюць на выбарчых участках па ўсёй краіне. Ужо трэці дзень мабільныя тэлефоны назіральнікаў адмаўляюцца адпраўляць SMS-паведамленні ў штаб.

Як распавёў “Белсату” каардынатар кампаніі Сяргей Калякін, тэхнікі аператара сотавай сувязі “Life” “хапаюцца за галовы”: нехта так заблакаваў сувязь, што яны нічога не могуць зрабіць. “Я, вядома, не магу сцвярджаць, але падазраю, што тут не абышлося без спецоў ад улады. Нам усё абяцаюць, што сувязь вось-вось наладзяць, але думаю, што яна запрацуе пасля выбараў”, – гаворыць Сяргей Калякін.

Паводле каардынатара, тэхнічныя непаладкі вельмі замінаюць працы. “Цяпер ідзе проста вал інфармацыі ад назіральнікаў, і ўсё даводзіцца апрацоўваць уручную. На ўсё гэта губляецца шмат часу”, – абураецца палітык.

У кампанію “За справядлівыя выбары” ўваходзяць больш за дзесяць дэмакратычных партыяў і аб’яднанняў. Назіральнікі кампаніі працуюць на 250 выбарчых участках у 50 населеных пунктах Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў