Кіно пра сапраўдны Гомель здымаў аўтар «Бабулі-2010»


Аўтар роліка пра бабулю, пашпарт і выбары, працаўнік тэлеканалу «Белсат» Яўген Шапчыц, скончыў мантаж фільму аб праўдзівым Гомлі. Ідэя стужкі «Гомель, у якім жывем мы» належыць журналістам Юліі Сівец і Міколу Бянько. Карэннага менчука Шапчыца ў творчую групу яны запрасілі аператарам і мантажыстам.

«Кіно здымалі два дні – 28 і 29 красавіка. Яно ўяўляе з сябе спалучэнне невялічкіх гісторыяў актыўных гомельцаў, са здымкамі маляўнічых месцаў гораду. Сам фільм доўжыцца 11 хвілінаў», – расказвае Яўген Шапчыц, які атрымаў вядомасць пасля звальнення з тэлеканалу СТВ за перадвыбарчы ролік з заклікам схаваць бабулін пашпарт.

Трэйлер свежай стужкі пра Гомель можна пабачыць у інтэрнэце. Прэм’ера фільму, якому наканавана паламаць стэрэатыпы пра горад, запланаваная на сераду, 16 траўня.

Аўтары праекту, журналісты Юлія Сівец і Мікола Бянько – муж і жонка. Юлія – карэнная гамяльчанка, Мікола пераехаў з Менску амаль сем гадоў таму. Кантраст гарадоў адразу кінуўся яму ў вочы. Той няслушны імідж Гомля, які цяпер існуе, і хоча выправіць Мікола.

«Тут ёсць праблема ідэнтыфікацыі гараджанаў. Гомель мае рэнамэ самага расейскага гораду Беларусі. Да 2003 года тут не было ніводнага помніка беларускім дзеячам, паэтам, але сітуацыя змяняецца, і я бачу, што брэнд расейскай правінцыі адступае», – кажа Мікола Бянько.

Цяпер у Гомлі існуе шмат нефармальных культурніцкіх, музычных суполак. З’явіліся літаратурныя аб’яднанні. Гэта ўсё ёсць, але не на паверхні, дзеліцца аўтар промастужкі Мікола Бянько. Для яго было нечаканым адкрыццём, калі падчас леташніх маўклівых рэвалюцыяў гомельцы выйшлі на вуліцы, і паводле масавасці Гомель аказаўся другім пасля Менску горадам.

«Гэта ўсё сведчыць пра тое, што сфармавалася ўнікальная гарадская культура, але пакуль шматлікія гомельцы не да канца ўсведамляюць каштоўнасці месца, у якім жывуць. І гэты фільм, які ўяўляе з сябе мікс дакументальнага кіно і промароліку, – для іх», – тлумачыць Мікола Бянько.

Пасля прэм’ернага паказу кіно выкладуць у адкрыты доступ у Сеціве, а таксама будуць распаўсюджваць сярод гомельцаў на дысках.

belsat.eu

Стужка навінаў