«Малады Фронт» абскардзіць вырак паводле пазову камуністаў


«Для нас важна паказаць, што гэта барацьба ідэалогіяў, а не барацьба за паліто», – гаворыць прадстаўніца «Маладога фронту» Кася Галіцкая.

Нагадаем, суд Маскоўскага раёну Менску задаволіў пазоў беларускіх камуністаў (ад праўладнай КПБ) аб кампенсацыі ім матэрыяльных і маральных стратаў за запэцканую вопратку і абражаны гонар. Цяпер маладафронтаўцы мусяць выплаціць камуністам Мікалаю Юшчанку і Мікалаю Валовічу 1,166 млн і 731 тыс. руб. адпаведна.

Паводле маладафронтаўцаў, падчас разгляду справы суддзя Юрый Шастакоў адразу стаў на бок камуністаў. «Сваім рашэннем суддзя паказаў, што беларуская аўтарытарная сістэма спачувае камуністычнай савецкай сістэме. Гэта было адразу бачна з настрою суддзі», – гаворыць Кася Галіцкая.

«Камуністы паказалі сапраўдную сутнасць – прыйшлі ў суд, як у цырк, як клоўны. Падаваць пазоў за запэцканае паліто? Гэта насамрэч смешна – сядзяць дарослыя людзі і разважаюць пра запэцканае яйкамі паліто», – дадала дзяўчына.

7 лістапада 2011 г. тры сябры «Маладога фронту» спрабавалі сарваць акцыю камуністаў каля помніка Леніну ў Менску. Падчас невялікага мітынгу камуністаў трое маладых людзей з крыкамі «Камунізм пад трыбунал!» кінулі ў бок помніка некалькі яек і паспрабавалі ўцячы, але іх затрымалі працаўнікі міліцыі ў цывільным. За гэтую акцыю актывістаў пакаралі адміністратыўным арыштам.

belsat.eu

Стужка навінаў