Замест да прэзідэнта – у падваротню


Прыкладна тры дзясяткі чалавек, пераважна жанчыны, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў і не згодныя з рашэннямі судоў у сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваякоў, так і не змаглі дабіцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам або кіраўніком ягонай адміністрацыі Уладзімірам Макеем. Як паведаміла прадстаўніца групы юрыст Тамара Сяргей, 10 траўня прыкладна а 16.00 яны пакінулі будынак Адміністрацыі прэзідэнта.

“Нам не ўдалося ні з кім сустрэцца, – сказала яна. – Больш за тое, мы прасілі загадчыка прыёмнага пакою Ігара Ламаносава паведаміць свайму кіраўніцтву, што мы прыйшлі, як нам і загадалі 8 траўня ў Доме ўраду, калі сказалі: “Ідзіце ў Адміністрацыю”. Ламаносаў упарта нам нагадваў, што ёсць парадак звароту грамадзянаў. Мы ж яму казалі, што ёсць Канстытуцыя і законы, але яны, відаць, не супадаюць з парадкам прыёму грамадзянаў у Адміністрацыі”.

Тамара Сяргей зазначыла, што размова з Ламаносавым “нічым не скончылася”. “Мы вымушаныя былі перадаць яму наш 35-ты зварот да прэзідэнта, якога мы не змаглі перадаць яму 8 траўня, а таксама нашае 36-е пасланне грамадзянаў прэзідэнту, якое ў нас узнікла паводле падзеяў 8 траўня”, – распавяла Сяргей.

Згодна з ёю, сёння група жанчын мае намер наведаць таксама Генеральную пракуратуру, бо 10 траўня – дзень асабістага прыёму грамадзянаў у генпракурора.

8 траўня жанчыны спрабавалі трапіць у Дом ураду, дзе Лукашэнка выступаў з пасланнем да народу і парламенту, аднак іх туды не пусцілі. “Мы хацелі перадаць Лукашэнку ўжо 35-ты зварот з просьбаю развязаць нашыя праблемы. Сярод іншага, нагадаць чыноўнікам арт. 40 Канстытуцыі Беларусі, згодна з якім кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, а гэтыя органы мусяць разгледзець зварот і даць адказ паводле сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Аднак нас адціснулі ў падваротню і трымалі там пяць гадзінаў”, – сказала юрыст.

Сёння гэты зварот жанчыны прынеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта. “Фактычна паўтараецца тое ж самае. Мы запатрабавалі сустрэчы з Лукашэнкам або Макеем, але нас не прапусцілі далей за прыёмны пакой”, – падкрэсліла Тамара Сяргей.

belsat.eu

Стужка навінаў