Агляд навінаў культуры, 10 траўня


Тады не было “Фоташопу”, але людзі на фотаздымках цудоўным чынам знікалі або перасоўваліся, а народны камісар Сталін выглядаў маладзейшым, чым насамрэч. Унікальную выставу “Камісар знікае”, прысвечаную фальсіфікацыям фота ў сталінскую эпоху, можна паглядзець у Дзяржаўным музеі гісторыі ГУЛАГу ў Маскве. Тут выстаўленыя арыгіналы і пазнейшыя адрэтушаваныя копіі, на якіх ужо няма тых, каго расстралялі.

ІРЫНА ГАЛКОВА, КУРАТАР ВЫСТАВЫ:
“Савецкая сістэма прыбірала чалавека з жыцця і адначасова прыбірала ўсе ягоныя сляды, усе знакі ягонай прысутнасці. Яна прыбірала яго з усіх візуальных сведчанняў сваёй гісторыі. Канчатковая мэта была – даказаць, што чалавек нібыта і не існаваў”.

Больш за 150 фотаздымкаў перадаў для выставы англійскі фатограф і дызайнер Дэйвід Кінг. Ён і сабраў калекцыю пераважна ў заходніх букіністаў, дзе асядалі рарытэтныя выданні з арыгінальнымі сведчаннямі эпохі.

А ў Менску вялікі канцэрт зайграў Vinsent. Гіп-гоп музыка прэзентаваў сінгл і кліп “Ні кроку назад”.

“У сям’і не без вампіра” – пад такім слоганам выходзіць сёння на экраны беларускіх кінатэатраў мастацкая стужка “Змрочныя цені”. Рэжысёр – Тым Бэртан. У галоўнай ролі – Джоні Дэп. Каханне і здрада. Але не варта гуляць у такія гульні з вядзьмаркаю, інакш помста можа пахаваць вас жыўцом, і нават вызваленне праз два стагоддзі можа аказацца не такім ужо шчаслівым.

Дакументальную стужку “Лікёра-гарэлачны завод” пра складаныя жыццёвыя рашэнні ды нязменны атрыбут расейскай глыбінкі – гарэлку – у нядзелю прапаноўвае гледачам наш тэлеканал.

belsat.eu

Стужка навінаў