Расейскі самалёт разбіўся падчас рэкламнага рэйсу (Дадалося відэа)


Ратаўнікі знайшлі целы загінулых. Дэманстрацыйны палёт самалёта «Sukhoi Superjet-100» у Інданэзіі скончыўся трагедыяй. Ён разбіўся аб практычна вертыкальны схіл гары Салак. Менавіта ў гэтым раёне ў сераду абарвалася сувязь з самалётам.

Ухіл гары – амаль 80 градусаў, таму дабрацца да месца аварыі на вышыні 1650 м надзвычай цяжка. Паводле мясцовага тэлебачання, частка фрагментаў лайнера засталася на схіле, частка ўпала ўніз. Паводле прадстаўніка інданезійскага пошукава-выратавальнага агенцтва, целы загінулых давядзецца перамяшчаць у адмысловыя сеткі і падымаць на верталёце.

Інданезійскі тэлеканал «TVOne» паказаў кадры, як «Sukhoi Superjet-100» падняўся ў паветра з аэрапорту Халім Пэрданакусума. Самалёт, на борце якога было каля 50 чалавек, 9 траўня разбіўся ў гарах на поўдзень ад сталіцы Інданезіі. Паводле папярэдніх звестак, ніхто не выжыў. Рэшткі машыны знайшлі 10 траўня.

«Sukhoi Superjet-100» – першы пасажырскі самалёт, выраблены Расеяй пасля распаду СССР. Ён знік з радараў пасля таго, як быў зарэгістраваны за 64 км на поўдзень ад Джакарты. На борце былі інданезійскія бізнесоўцы, восем расейцаў (у тым ліку працаўнікі амбасады), пілоты, тэхнікі і журналісты.

Расейскі самалёт меў выканаць два дэманстрацыйныя рэйсы. Пасля першага, які прайшоў паспяхова, частка людзей пакінула борт, бо набліжаўся час мусульманскай малітвы. Іхнае месца занялі тыя, хто ляцець не планаваў.

belsat.eu

Стужка навінаў