Мянчук, які забіў жанчыну прасам, пазбег турмы


Забойства было здзейсненае 20 гадоў таму, а раскрылі яго толькі цяпер. Таму крымінальную справу спынілі, а забойцу вызвалілі ад адказнасці: скончыўся тэрмін даўнасці.

Злачынства 20-гадовай даўніны раскрыла сталічная пракуратура. 20 ліпеня 1992 г. у кватэры дому на вул. Сярова знайшлі труп 38-гадовай жыхаркі сталіцы, нарадзінкі Старадарожскага раёна Менскай вобласці. Судова-медыцынская экспертыза высветліла, што жанчына памерла ад адкрытай тупой траўмы галавы, якая суправаджалася пераломам левай скроневай косткі, пашкоджаннем абалонак і рэчываў галаўнога мозгу.

Па факце забойства распачалі крымінальную справу. Расследаванне неаднаразова прыпынялася, а затым аднаўлялася, пакуль у 2007 г. яго не спынілі: скончыўся тэрмін даўнасці.

Падазраванага знайшлі толькі ў 2011 г. і зноў аднавілі расследаванне. Падазраваным апынуўся 48-гадовы жыхар сталіцы, які ў 1992 г. быў блізкі з загінулаю. Абое яны ў той час працавалі на заводзе «Менскбудматэрыялы», а пасля працы разам выпівалі. Адна з такіх сустрэчаў скончылася сваркаю. Субяседнік «супакоіў» сваю сяброўку спачатку некалькімі ўдарамі прасам па галаве, а затым некалькімі ўдарамі нажом. На месцы злачынства засталіся ягоная майка, якую, абараняючыся, разарвала жанчына, і некалькі адбіткаў пальцаў – апошнія ўдалося ідэнтыфікаваць толькі ў 2011 г.

Цяпер крымінальную справу канчаткова спынілі, а забойца гэтак і не трапіў у турму. Яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, бо скончыўся тэрмін даўнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў