Андрэй Пачобут: У 1945-м вайна скончылася не для ўсіх


На тэрыторыі цэнтральнай і асабліва заходняй Беларусі, здаралася, баі адначасова вялі некалькі ваенных фармаванняў, што прэзентавалі розныя бакі ў канфлікце. Савецкая ўлада рукамі партызанаў, Польшча, беларускі нацыянальны рух і простыя сяляне баранілі свае – часта супярэчныя інтарэсы. Для некаторых беларусаў вайна закончылася толькі ў 1960-я гг.

Журналіст і даследнік Андрэй Пачобут распавядае, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі працягвалі ваяваць атрады, якія лічылі, што вайна не скончаная, не прызнавалі яе вынікаў, называючы іх незаконнымі. У 1984 г. у псіхіятрычным шпіталі памёр апошні салдат Арміі Краёвай, якога арыштавалі ў 1949 г., – фактычна ён так і не выйшаў на свабоду. “Для яго вайна скончылася з ягонаю смерцю”, – адзначае Андрэй Пачобут.

Апрача Арміі Краёвай былі беларускія атрады, якія супрацоўнічалі з немцамі, а пазней змагаліся супраць савецкай улады. Пераважна ў Берасцейскай вобласці дзеялі таксама атрады ўкраінскай паўстанцкай арміі, якія ўяўлялі з сябе магутную сілу. Яны пратрымаліся да сярэдзіны 1950-х гг. На поўначы Гарадзеншчыны існавалі яшчэ і літоўскія партызанскія атрады.

Паводле госця “Гарачага каментара”, такая колькасць розных сілаў на адной тэрыторыі была прычынаю канфліктаў, якія найчасцей заканчваліся крывёю. Разбурыць грамадзянскую супольнасць імкнуўся і кожны з акупантаў, якія прымушалі людзей даносіць адзін на аднаго.

belsat.eu
https://youtu.be/u9yVfcU71do

Глядзі таксама
Каментары