Якую працу прапаноўваюць беларусам за мільён рублёў?


Br 1 млн заробку атрымае «таемны пакупнік» за тое, што 2-3 разы на дзень будзе хадзіць у краму. Выхавальнік, пажарнік, нянечка – «Белсат» прапаноўвае агляд самых нізкааплатных вакансіяў Беларусі.

У Менску склаўся гіганцкі разрыў паміж статыстычнымі беспрацоўнымі і колькасцю вакансіяў. На 3 тыс. зарэгістраваных шукальнікаў працы прыпадае амаль 20 тыс. прапановаў. Нізкая аплата працы – гэта асноўная прычына, з якой людзі не хочуць прымаць гэтыя прапановы.

Самая нізкая аплата працы з анансаваных – Br 500 тыс. (гандлёвы прадстаўнік). Як паказвае маніторынг найбуйнейшага спецыялізаванага рэсурсу «Работа TUT.BY», вакансіяў, дзе абяцаюць «смешныя грошы», не нашмат меней за сур’ёзныя прапановы. Заробак Br 1,7 млн даюць 1900 працадаўцаў, заробак Br 3 млн гарантуюць 2900 замоўцаў.

У Менскім цэнтры занятасці насельніцтва рэкрутуюць на месцы гандляроў, кухараў, афіцыянтаў, швачак, цырульнікаў і памочнікаў выхавальнікаў у дзіцячых садках. Гэты спіс супадае з пералікам вакансіяў з самаю нізкай аплатаю працы, даступным у адкрытым доступе.

За Br 1 млн у Менску можна ўладкавацца пешым кур’ерам. Трэба разносіць пабытовую тэхніку замоўнікам – $ 2 за замову. Можна працаваць таемным пакупніком. Сетка крамаў «Рублёўскі» запрашае ўдзельнічаць у маркетынгавым даследаванні за заробак памерам Br 1 млн. Для гэтага трэба 2-3 разы на дзень рабіць пакупкі ў крамах і пісаць справаздачы.

У Віцебску кампанія «Парфумбытхім» шукае дзяўчыну, каб ляпіць стыкеры. За працу на складзе абяцаюць не болей за Br 1 млн. Нянечцы-памочніцы абяцаюць плаціць да Br 1,6 млн або Br 10 тыс. за гадзіну. Для гэтай пазіцыі пажадана валодаць англійскай мовай і мець досвед працы.

Сацыяльнаму педагогу Рэспубліканская дзяржаўная вучэльня алімпійскага рэзерву абяцае плаціць ад Br 1,2 млн. А школа № 54 можа прапанаваць педагогу-арганізатару аклад ад Br 1 млн. Выхавальнік у інтэрнаце сямейнага тыпу № 1 можа зарабляць да Br 1,3 млн.

Пажарніка-ратаўніка без досведу працы шукае Ленінскі раённы аддзел МНС. Яму будуць плаціць да Br 1,2 млн. На пасаду кандуктара з такім жа заробкам запрашаюць нават студэнтаў.

Большасць вакансіяў з нізкай аплатаю датычаць працы менеджараў продажаў, афіцыянтаў, а таксама традыцыйна касіра, прыбіральшчыцы і грузчыка.

belsat.eu

Стужка навінаў