Юлію Цімашэнку перавезлі з вязніцы ў шпіталь


Зняволеная лідарка ўкраінскай апазіцыі пачынае выхад з галадоўкі, якую трымае з 20 красавіка. Гэткім чынам яна пратэставала супраць жорсткага абыходжання і парушэння ейных правоў.

Улады Украіны не дазволілі Цімашэнцы выехаць за мяжу для лячэння хранічных боляў у спіне, пасля таго як яна адмовілася ад паслугаў прызначаных дзяржаваю ўкраінскіх лекараў. У якасці кампрамісу яна пагадзілася пераехаць у лякарню Харкава і лячыцца там пад наглядам нямецкіх лекараў.

Цімашэнку даставілі ў шпіталь на машыне хуткай дапамогі пад узмоцненым канвоем. З машыны ў лякарню яе занеслі на насілках, пры гэтым да шпіталю не пусцілі журналістаў ды прыхільнікаў апазіцыянеркі, а пацыентам забаранілі пакідаць палаты.

Перавод Цімашэнкі ў шпіталь стаўся магчымы дзякуючы ціску з боку краінаў Захаду. Некаторыя еўрапейскія палітыкі ў звязку са зняволеннем Юліі Цімашэнкі заявілі, што будуць байкатаваць матчы чэмпіянату Еўропы па футболе, што адбудуцца ва Украіне.

belsat.eu

Стужка навінаў