Каваленку кінулі ў «адзіночку»


Віцебскі апазіцыянер, актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргей Каваленка, утрымліваецца ў адзіночнай камеры віцебскага следчага ізалятару № 2, паведаміла ягоная жонка Алена Каваленка.

«Сяргея даставілі з Менску мінулаю ноччу. Сёння з ім сустракаўся адвакат. Самаадчуванне мужа не лепшае. Для яго гэта быў ужо чацвёрты этап – фактычна здзек для аслабленага галадоўкаю чалавека. 10 траўня паспрабую прабіцца да яго сама», – сказала Алена Каваленка.

У гэтым СІЗА актывіст утрымліваўся першыя два месяцы зняволення і таксама практычна ўвесь час у адзіночнай камеры, адзначыла жонка. «Мяне турбуе, што яго этапавалі туды, дзе ён галадаў першыя два месяцы зняволення і дзе ў яго дачыненні ажыццяўляліся правакацыі, у тым ліку здымаўся відэаролік, які закранае не толькі Сяргея, але і ягоных дзяцей. З гэтай нагоды была перададзеная заява ў пракуратуру», – паведаміла жанчына.

10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда прыняла рашэнне накіраваць Каваленку на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. У выніку апазіцыянера накіравалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі), дзе амаль цягам месяца праводзілі экспертызу ягонага псіхічнага здароўя. Да атрымання вынікаў экспертызы абласны суд прыпыніў разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на прысуд. Аднак 4 траўня ва ўпраўленні Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС маці Сяргея паведамілі, што адмыслоўцы прызналі яе сына псіхічна здаровым.

Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргей Каваленка ўтрымліваецца ў зняволенні з 19 снежня 2011 г. 24 лютага 2012 г. суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу на галоўнай навагодняй елцы Віцебска, – тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары