Працяг «справы бардаў»: Бартосіка адпусцілі, Сімбірову далі 15 дзён


Актывіста кампаніі «Гавары праўду!», музыку Ігара Сімбірова, абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі.

Згодна з рашэннем суда Менскага раёну ад 8 траўня, ён правядзе за кратамі 15 дзён. Адбываць пакаранне музыка будзе ў ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёну. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк.

Ігар Сімбіроў і бард Зміцер Бартосік 6 траўня давалі імправізаваны канцэрт на сустрэчы з прыхільнікамі, якая праходзіла пад адкрытым небам у раёне чыгуначнай станцыі Зялёнае пад Менскам. Пасля заканчэння канцэрту ўдзельнікаў сустрэчы затрымалі без тлумачэння прычынаў.

Іх даставілі ў РАУС у Ждановічах. Пасля зняцця адбіткаў пальцаў і запісу тлумачэнняў усіх, акрамя Сімбірова, адпусцілі. На апошняга склалі пратакол паводле двух артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях: непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства.

Разгляд справы Сімбірова пачаўся 7 траўня ў судзе Менскага раёну. Аднак падчас працэсу працаўнікі міліцыі, якія выступалі сведкамі, блыталіся ў паказаннях. Суд зняў з музыкі адно абвінавачванне – у супраціве міліцыі – і перанёс паседжанне на 18 траўня. Аднак удзень 8 траўня Сімбірова зноў затрымалі і прывезлі ў суд, які пакараў яго арыштам. Разам з актывістам забралі Змітра Бартосіка, якога пазней адпусцілі без складання пратаколу.

Паводле Сяргея Вазняка, Ігар Сімбіроў – актыўны ўдзельнік кампаніі «Гавары праўду!». «Летась пры арышце ў яго канфіскавалі гітару як рэчавы доказ у межах справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. Я не разумею, якім чынам гітара можа служыць доказам масавых беспарадкаў. Але Ігар упарта дамагаецца вяртання гітары. Можа быць, менавіта гэтая ягоная ўпартасць і паслужыла прычынаю затрымання. Гэта значыць – ягоная актыўная грамадзянская пазіцыя ў адстойванні сваіх правоў ды інтарэсаў», – падкрэсліў Вазняк.

belsat.eu

Стужка навінаў