На месца будаўнікоў у Беларусь прыязджаюць замежнікі


Добрымі заробкамі можна вярнуць беларускіх будаўнікоў з Расеі, мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Бліжэйшым часам зрабіць гэта нерэальна, лічыць старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксандр Фядыніч. Хутчэй на іх месцы прыедуць працаваць малдаване.

Наконт праблемы няспыннай працоўнай міграцыі Аляксандр Лукашэнка выказаўся падчас сённяшняга звароту да парламенту і народу. Вярнуць беларускіх адмыслоўцаў, на думку прэзідэнта, можна добрымі ўмовамі працы і высокімі заробкамі.

«У Беларусі шмат будоўляў і важных аб’ектаў, куды ўкладаюць сродкі іншаземныя інвестары, прыватнікі, і плацяць добра, бо хочуць, каб была добрая якасць», – перадае «БелТА» словы Лукашэнкі.

Аднак іншаземныя інвестары прыходзяць на беларускую зямлю толькі пры пэўных умовах, звяртае ўвагу старшыня прафсаюзу РЭП Аляксандр Федыніч: «Гэта праўда, што на замежных будоўлях лепшыя ўмовы працы і аплата, але, да прыкладу, кітайскія інвестары працуюць тут пры ўмове, што прывязуць чатыры сотні сваіх будаўнікоў. Тое ж і з турэцкімі будоўлямі. Беларусам туды не трапіць».

Гэтым прагнозам адпавядае і статыстыка. Сёлета за першы квартал у Менск прыехалі на працу больш як 900 замежнікаў. Больш за ўсё працоўных мігрантаў будуць занятыя на будоўлях, перадае агенцтва «Минск-новости».

На думку Аляксандра Фядыніча, наўрад ці беларускіх працоўных мігрантаў прывабіць запланаваны на канец года сярэдні заробак памерам $ 500. Бо ўжо цяпер чысты прыбытак нашага будаўніка ў Расеі пачынаецца ад $ 1000. Таму на нашыя вакансіі хутчэй прыедуць працаваць малдаване.

belsat.eu

Стужка навінаў