Прычына смуроду ў цэнтры Менску дагэтуль не высветленая


Насычаны пах фекаліяў адчуваўся 8 траўня ў радыусе некалькіх кварталаў вакол Камароўскага рынку сталіцы. Санітарная служба гораду і ратаўнікі МНС кажуць, што сітуацыя нармальная і нічога надзвычайнага ні ўчора, ні сёння не назіраецца.

Скардзіцца на дрэнны пах менчукі пачалі ў сацыяльных сетках. Паводле карыстальнікаў «Facebook», смурод адчуваўся ад станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» да вуліцы Някрасава і распаўсюджваўся на вуліцах Куйбышава, Максіма Багдановіча, Веры Харужай, Кульман, Сурганава ды іншых. Трымаўся ён да самай ночы. Людзі мяркуюць, што прычынаю маглі быць выкіды ў паветра птушынай фабрыкі імя Крупскай на вул. Нававіленскай.

У гарадской службе МНС «Белсату» паведамілі, што за мінулы дзень ніякіх аварыяў, якія маглі выклікаць адпаведнае псаванне паветра, не зафіксавана.

У Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі таксама не заўважылі нічога надзвычайнага. Загадчыца аддзелу ацэнкі рызыкі Наталля Цішук паведамляе: «На наш адрас не паступала скаргаў. Таксама мы не маем звестак пра неспрыяльныя метэаўмовы. Гэта праўда, што цягам года здараюцца скаргі на смуроднае паветра. Але гэта бывае ў жніўні, калі на палі вывозяць арганічныя ўгнаенні. Непрыемны пах найбольш адчуваецца ў ваколіцах МКАДу і трымаецца тыдзень. Але каб ён дайшоў да Камароўкі – гэта далекавата».

Чыноўніца выключае птушыную фабрыку на вуліцы Нававіленскай са спісу магчымых вінаватых. Паводле спадарыні Цішук, вытворчасць на прадпрыемстве амаль прыпыненая, а вываз арганікі ў межах МКАДу забаронены.

Сярод псавальнікаў паветра называюць Менскую ачышчальную станцыю ў раёне мікрараёну Шабаны, якая займаецца перапрацоўваннем побытавага смецця. Але, на меркаванне эксперта, яна не можа ўплываць на ваколіцы «Камароўкі» з-за вялікай адлегласці.

Моцны пах фекаліяў – нагода для занепакоенасці, адзначае хімік, інжынер аховы навакольнага асяроддзя Валянціна Масянзова. «Гэта пахне газ серавадарод. Ён вылучаецца, калі ідзе працэс закісання. Удыханне серавадароду можа нашкодзіць здароўю чалавека. Калі ты спускаешся ў каналізацыю без маскі, то цяжкіх наступстваў не пазбегчы. Таксама там утрымліваецца газ – аксід серы, яго не адчуваеш і сам не заўважаеш, як задыхаешся», – кажа эксперт.

Дарэчы, маніторынг стану паветра паказаў, што 7 траўня на станцыі № 4 а 15:00 быў зафіксаваны рэзкі рост утрымання аксіду серы.

На вуліцы часцей за ўсё смярдзіць каналізацыя або вытворчасць. Паводле Валянціны Масянзовай, прадпрыемствы часта эканомяць на абсталяванні, якое ачышчае паветра: яно каштуе каля $ 1 млн. Таму замест яго ў абыход заканадаўчых нормаў карыстаюцца вентыляцыйнымі ўстаноўкамі. А праз іх у паветра можа трапіць усё, што захочаш.

belsat.eu

Стужка навінаў