«Менскае падполле. Героі і мярзотнікі» (абноўлена)




З першых дзён нямецка-савецкае вайны ў акупаваным Менску пачало дзеяць падполле, арганізаванае з ініцыятывы менчукоў. Чаму першы сакратар КПБ Панцеляймон Панамарэнка і савецкае кіраўніцтва не былі зацікаўленыя ў падтрыманні падпольшчыкаў? Чаму ў акупаваным Менску засталося 90 % насельніцтва? На гэтыя пытанні адказвае новая дакументальная стужка «Белсату» «Менскае падполле. Героі і мярзотнікі».



Прэм’ера фільму адбылася 9 траўня, а 21:25.

Глядзіце стужку «Менскае падполле. Героі і мярзотнікі» он-лайн і спампоўвайце каб дзяліцца з іншымі

Стваральнікі фільму распавядаюць: «Гэты фільм для тых, каму не абыякавая рэальная гісторыя нашай краіны. Ведаць – значыць быць свабодным. Нам таксама хацелася знайсці рэальныя гістарычныя сведчанні пра падполле. Гэтыя факты доўгі час былі невядомыя, нідзе не друкаваліся. Мы ўжо распачалі працу над наступным фільмам на гэтую тэму – «Рэабілітацыя», у якім будзе ўнікальны архіў, што належаў падпольшчыцы Хасі Пруслінай».

Яшчэ да канца 1942 г. нацысты амаль цалкам знішчылі дзве арганізацыі Менскага падпольнага камітэту, актывісты якога загінулі на шыбеніцах і ў катавальнях. Тыя, хто выжыў, прайшоў шлях сваіх паплечнікаў, але ўжо ў вызваленым Менску, дзе былых падпольшчыкаў катавалі і расстрэльвалі на загад савецкай улады, за якую так змагаліся менчукі.

«Падпольшчыкі былі простымі людзьмі, але выхаванымі ў сацыялістычнай сістэме. Яны не чакалі ніякай каманды зверху, а дзеялі на заклік сэрца. Партыйныя дзеячы схаваліся ў балоце (на Зыславым востраве, дзе месцілася кіраўніцтва так званага супраціву), а яны ратавалі жыццё сваіх родных, габрэяў, палонных вайскоўцаў».

У фільме гаворыцца і пра тое, якім коштам кіраўнік БССР у эвакуацыі, Панцеляймон Панамарэнка, будаваў сваю палітычную кар’еру, у той час як фашысцкая ўлада распраўляліся з удзельнікамі супраціву. Як «выпраўляліся» рапарты, якія прыходзілі з Беларусі. Чаму Панамарэнка далёка не першым даведаўся пра «ліквідацыю» гаўляйтара Вільгэльма Кубэ і ў чым чэкісты прымушалі прызнацца на допытах Алену Мазанік – забойцу Кубэ.

«Менскае падполле. Героі і мярзотнікі» у эфіры «Белсату» 9 траўня, а 21:25. Паўтор 10.05, 12:50. Пасля эфіру фільм будзе даступны для прагляду на старонцы «Белсату».

Стужка навінаў