Лукашэнка: Мы бачылі, як праз інтэрнэт спрабавалі ўзарваць нашую краіну


Кіраўнік дзяржавы выступіў з пасланнем да беларускага народу ды Нацыянальнага сходу. Выступ ён распачаў з заявы, што Еўропа апынулася “ля прорвы” фінансавага крызісу ды арабскай вясны.

Пасля агучвання паслання кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні дэпутатаў. Адказваючы на адно з іх, кіраўнік дзяржавы збочыў на тэму кітайскіх інвестыцыяў, якой прысвяціў цэлы спіч. “Кітай – цяпер не тая краіна, якую на Захадзе ці ў Расеі хтосьці з хворых людзей апісвае. Гэта краіна высокіх тэхналогіяў. Гэта імперыя. І апора на Кітай для беларусаў – гэта падарунак”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне пра магчымае ўвядзенне мараторыю на выкананне смяротнага пакарання, Лукашэнка заявіў, што “самастойна на гэта ніколі не пойдзе”. “Ведаеце, чаго мне каштавалі гэтыя два выракі? Вы гэтага не ведаеце. Калі ўвесь свет на цябе цісне і лічыць… Ну, ледзь не я тэрарыст! Я змушаны прымаць рашэнне”.

Пра продаж лекаў

“Нядаўна адзін чалавек падыходзіць да мяне на трэніроўцы і гаворыць: што, праўда, што міністр будзе кантрацэптывы па рэцэпту будзе прадаваць? Я кажу, ды не, як гэта так. Так нам трэба ісці ў паліклініку каб купіць гэта? Да міністра трэба ісці, няхай ён вас забяспечвае бясплатна гэтым. Я кажу гэта да таго, каб не “наламалі дроваў”. Дуры каб не было ў этых мерапрыемствах”

Пра замежную палітыку:

Я хачу сказаць еўрапейцам і амерыканцам: нас немагчыма зламаць – вы мусіце гэта зразумець. І не толькі Лукашэнку, і, як вы кажаце, ягоны сілавы блок і ўрад. Не. Нас, беларусаў, немагчыма штучна зламаць. Нас можна проста пахаваць. Нас не будзе – тады вы зробіце з нашаю краінаю, што захочаце. Зламаць, нахіліць, каленам наступіць на нас ці ўсёю нагою наступіць на горла – бесперспектыўна. Давайце жыць дружна – і размаўляць адзін з адным”.

Пра дэмакатыю і свабоду

Амбасадары заварушыліся”, – заўважыў Лукашэнка. Ён мяркуе, што папрокі з боку Захаду – часта “рытуальныя”.

Мы бачылі, як праз інтэрнэт спрабавалі ўзарваць нашую краіну – у арабскіх краінах гэта атрымалася. Часткова атрымалася ў Расеі, Казахстане, а ў Беларусі ўсе гэтыя рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі чакаў поўны правал. Прычым мы нічога не блакавалі, ні перакрывалі”.

“Пасля выбараў 2010 г. мы разлічвалі ісці тым жа шляхам – паглыбляць дыялог з Еўропаю, ЗША, развіваць так званую “грамадзянскую супольнасць”, унутрыпалітычны дыялог, удасканальваць палітычную сістэму, але Захад і нашая “пятая калона” вырашылі па-іншаму – яны не проста адмовіліся ад дыялогу, яны пачалі атаку на нашую краіну праз ціск і санкцыі”.

“Я гарантую, што будучая выбарчая кампанія пройдзе на найвышэйшым узроўні ды ў строгай адпаведнасці з законамі ды Канстытуцыяй нашай краіны. Ні кроку налева, направа. Кажу гэта для амбасадараў замежных дзяржаваў і той часткі грамадства, якая патрабуе сёння адказу, як будуць праходзіць парламенцкія выбары”.

Эканоміка

Жыллёвае будаўніцтва:

“Для некаторых будаўніцтва кватэраў з дзяржаўнаю падтрымкаю сталася добрым сродкам назапашвання капіталу за кошт іншых – выяўленыя сотні сем’яў, у якіх у Менску дзве-тры кватэры, пабудаваныя на льготных умовах”.

“Хочаце бясплатную кватэру? Трое-чацвёра нараджайце і прыходзьце!”

Пра заробкі:

“На Усебеларускім сходзе мы абяцалі людзям да канца пяцігодкі выйсці, наблізіцца да сярэднееўрапейскага ўзроўню. З улікам сацыяльнага пакету (гэта трэба ўсё палічыць і наблізіцца) – вось галоўная задача кожнага кіраўніка і ўсёй вертыкалі ўлады. Але для пачатку паводле вынікаў года мы пабачым – хто выйшаў на 500 долараў, а хто не выйшаў. І пабачым, якая ў яго эфектыўнасць працы, і чаму яе няма, каб забяспечыць людзям патрэбныя заробкі. Мы, як і раней, падтрымліваем і будзем падтрымліваць пенсіянераў, бюджэтнікаў, шматдзетныя сем’і ды інвалідаў, паслядоўна павялічваючы памеры пенсіяў”.

Што датычыць вытворчасці, паводле Лукашэнкі, кожны атрымае “паводле працы”. Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што чыноўнікі цяпер не зарабляюць надта шмат: “Ніхто не папракне празмернаю распешчанасцю чыноўнага люду, што ў іх тут заробкі вышэйшыя, чымся ў кагосьці”.

Прыватызацыя і інвестыцыі:

“Інвестыцыі мусяць быць наўпроставыя, а не замаскаваныя формы крэдыту. Даручаю кожнаму чальцу ўраду, старшыням аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму ўзяць на асабістую рэалізацыю некалькі праектаў, пад якія прыцягваюцца інвестыцыі. Я б бачыў прэм’ер-міністра на Баранавіцкім баваўняна-папяровым прадпрыемстве, які возьме пад кантроль мадэрнізацыю прадпрыемства і рассячэ той Гордзіеў вузел, які мы сячэм некалькі гадоў. Я б бачыў першага віцэ-прэм’ера ў Воршы на льнокамбінаце, каб ён менш да мяне ў кабінет хадзіў па льготы ды адкладанне выплаты гэтых крэдытаў”.

“Мы гатовыя прыватызаваць нават “Беларуськалій”, дзе рэнтабельнасць 70–100 %, але гэта пытанне кошту. І кошт мы назвалі – сёння гэта не $ 30 млрд, а $ 32, можа $ 31,5. Ахвочыя – прыходзьце. Няма ахвочых. Няма дык няма”.

Пасланне Аляксандра Лукашэнкі раней было запланаванае на 19 красавіка, але яго перанеслі. Лукашэнка даручыў перапрацаваць шэраг палажэнняў паслання, што датычаць пытанняў прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, а таксама замежнапалітычнага курсу краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў