Уладзімір Маёраў: Транзіт газу можа скараціцца


Беларусь разлічвае захаваць штогадовы транзіт расейскага газу аб’ёмам 44–45 млрд кубаметраў.

Пра гэта заявіў 16 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар “Белтрансгазу” Уладзімір Маёраў. Паводле яго, нагодаю для такога аптымізму ёсць шэраг эканамічных прычынаў. Ён нагадаў, што “Газпром” ёсць уласнікам паловы акцыяў “Белтрансгазу” пасля ўкладання ў куплю акцыяў 2,5 млрд долараў.

“Гэтыя ўкладанні мусяць акупляцца, а гэта магчыма толькі пры прыбытковай паспяховай працы прадпрыемства. Такім чынам, ёсць пэўныя гарантыі ды эканамічныя стымулы ў нашых расійскіх калегаў больш транспартаваць газу праз тэрыторыю Беларусі”, – адзначыў кіраўнік “Белтрансгазу”.

Адначасова чыноўнік папярэдзіў: “Магчыма, у выніку ўводу ў эксплуатацыю газаправоду “Паўночная плынь ” можа адбыцца некаторае падзенне аб’ёмаў транзіту. Але мы прыкладаем усе намаганні, каб нашая газатранспартная сістэма была максімальна задзейнічаная”, – супакоіў Уладзімір Маёраў.

Акрамя таго, “Белтрансгаз” разлічвае на максімальнае задзейнічанне газаправоду Ямал–Еўропа, які цалкам належыць “Газпрому”. “Гэта самы кароткі шлях ад газавых радовішчаў у Еўропу”, – дадаў генеральны дырэктар “Белтрансгазу”.

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што беларускі і расейскі бакі працягнуць кансультацыі наконт будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі. Паводле чыноўніка, бакі ўжо ўзгаднілі міжурадавае пагадненне пра будаўніцтва АЭС.

Міхаіл Міхадзюк таксама нагадаў, што расейскі бок прапанаваў падпісаць пагадненне аб паралельнай працы энергасістэмаў. Ён заявіў, што дакумент узгоднены на ўзроўні экспертаў з улікам інтарэсаў Беларусі.

Пры гэтым эканаміст Леанід Заіка адзначае: “Цяпер немагчыма сказаць нічога канкрэтнага, пакуль вядуцца перамовы. Адзінае – да 2012 года можам жыць спакойна. Тады ўжо паўстане праблема пераходу на звадкаваны газ. Гэта і будова ёмістасцяў, і іншы транспарт…”

belsat.eu

Стужка навінаў