Масква: «народныя гулянні» скончыліся паводле беларускага сцэнару


Некалькі соцень жыхароў Масквы сабраліся ў цэнтры гораду разам з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі. Напачатку паліцыя не ведала, што рабіць з тымі, хто стаяў практычна насупраць будынку Адміністрацыі прэзідэнта, – іхны збор не меў прыкметаў палітычнай акцыі: ні сцягоў, ні лозунгаў, ні прамоваў. Потым удзельнікаў акцыі спрабавалі разагнаць палівальнаю машынаю, у выніку скончылася ўсё арыштамі.

Лідары расейскай апазіцыі Аляксей Навальны ды Сяргей Удальцоў, што былі ля помніка героям Плеўны, заклікалі ўдзельнікаў не ўступаць у бойкі з паліцыяй ды не паддавацца на правакацыі, а “проста гуляць”. Людзі адпачывалі, спявалі песні пад гітару. Калі праваахоўнікі выцеснілі ўдзельнікаў акцыі з плошчы, тыя рушылі ў бок станцыі метро “Кітай-горад”. Кіроўцы сігналілі людзям на знак падтрымання.

Каля 4-й раніцы распачаўся хапун: спецназ кідаў людзей у паліцэйскія аўтобусы і вывозіў у пастарункі.

Раніцою на першапачатковым месцы збору, ля помніка героям Плеўны, было каля сотні чалавек. Яны праз сацыяльныя сеткі заклікаюць далучацца да акцыі, ды змяняць тых, хто заставаўся ў цэнтры гораду цягам ночы. “Мы тут гуляем. Ты можаш зайсці, але на тваё месца мусяць прыйсці два іншыя чалавекі. Мы будзем нарошчваць тут нашую колькасць. Спадзяюся, да раніцы тут будзе больш народу, а ўдзень – яшчэ больш”, – заявіў палітык Аляксей Навальны за некалькі гадзінаў да свайго затрымання.

belsat.eu

Стужка навінаў