Лагвінец: Пуцін ёсць нацыяналістам расейскім, а Лукашэнка – савецкім


Апанентаў арыштавалі, сотні пратэстоўцаў збілі, але ўзнёсласць імпрэзы ў Крамлі была на галівудскім узроўні. Пачынаецца чарговая эра кіравання Пуціна ў Расеі, а гэта пакуль чыннік, які найбольш уплывае на развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Інаўгурацыя адбывалася роўна 8 хвілінаў – менавіта столькі часу спатрэбілася на фармальнае перадаванне ўлады з рук Дзмітрыя Мядзведзева свайму калегу ў кіроўным «тандэме» – Уладзіміру Пуціну. Імпрэза адбылася праз дзень пасля жорсткага разгону антыўрадавай акцыі ў Маскве. Каля 100 тыс. чалавек дамагаліся анулявання апошніх прэзідэнцкіх ды парламенцкіх выбараў, а таксама больш свабоды для апазіцыі.

Паводле палітолага Алеся Лагвінца, на інагурацыйным шоу расейскі тандэм спрабаваў сыграць на патрыятычных пачуццях расейцаў, нагадаць, што Расея яшчэ «ўстане з кален».
«Але ёсць досыць вялікая частка грамадства, якая не задаволеная скарумпаваным рэжымам, хоча больш свабоды і проста больш прыстойнасці з боку ўлады», – кажа Алесь Лагвінец.
Адмысловец падкрэслівае, што беларускі і расейскія рэжымы сёння ўзбагачаюць адзін аднаго.

«Гэтыя рэжымы кіруюцца невялікаю купкаю людзей, адарваных ад грамадства, якое мае вельмі мала інструментаў, каб пракантраляваць ці змяніць іх. Пуцін паказаў, што ён аўтарытарны расейскі нацыяналіст. А Лукашэнка – аўтарытарны савецкі нацыяналіст. Ён увесь час кажа пра веліч Савецкай Беларусі, у якой вельмі мала месца для Беларусі дэмакратычнай», – падсумоўвае Алесь Лагвінец.

belsat.eu
https://youtu.be/nodu2JOnDMs

Глядзі таксама
Каментары