Трэці «AD.NAK!»


Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі пачаў прымаць працы да ўдзелу ў сваіх намінацыях.

Долю беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне ніхто не лічыў, аднак відавочна, што яе мала. У параўнанні з першым фестывалем, летась колькасць працаў і ўдзельнікаў павялічылася больш як удвая – 272 працы і каля 100 удзельнікаў. Арганізатары спадзяюцца, што гэтыя лічбы будуць расці і надалей.

Паляпшаецца і стаўленне беларусаў да рэкламы на роднай мове. Калі ў 2009 г. да яе станоўча ставіліся 37 %, то сёлета ўжо 55 % беларусаў хочуць бачыць беларускую мову ў рэкламе. Вядома, гэткі рост заўважаюць замежныя фірмы, якія часцей прэзентуюць сваю прадукцыю па-беларуску.

«Гэта, вядома, ідзе не па ўсім фронце іхнай дзейнасці – хутчэй нейкія асобныя акцыі, але адметна, што чамусьці менавіта замежнікі больш глядзяць у гэты бок, чымся беларускія кампаніі», – кажа Сяргей Скараход, кіраўнік праекту Marketing.by.

Арганізатары фестывалю «AD.NAK!» звяртаюцца перадусім да беларускіх кампаніяў. «Падчас трэцяга фестывалю мы спадзяемся, што падштурхнем, і спадзяемся на тое, што гэта паспрыяе таму, што нашыя вытворцы паўторна паглядзелі на свае брэнды – пераацанілі іх з пункту гледжання беларусаарыентаванасці і пачалі больш шырока ўжываць беларускую мову як сродак камунікацыі ў рэкламе», – кажа каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

Акрамя сюжэту пра трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы, у поўным выданні «Сальда» 8 траўня а 21:25 глядзіце:
Шчыльна і танна. Рынак будаўніцтва падае.
Бізнесоўцы супраць санкцыяў. Карпарацыйная салідарнасць?
МТС – інвестар. Спосабы продажу аператара.

belsat.eu
https://youtu.be/y_IfL0owQZo

Глядзі таксама
Каментары