Маці Юрыя Захаранкі верыць, што ён жывы


З родных былога міністра ў Беларусі засталіся два чалавекі: маці Улляна Рыгораўна і сваячка Любоў. Яны жывуць у мястэчку Васілевічы Гомельскай вобласці ды штодня чакаюць, што Юрый вернецца.

7 траўня 1999 г. экс-міністр МУС Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі каля пад’езду свайго дому. Дагэтуль ягонае месцазнаходжанне не вядомае. Заведзеная крымінальная справа. Злачынства не раскрылі, а следства пасля заканчэння адведзеных законам тэрмінаў рэгулярна працягваюць на некалькі месяцаў.

“Усе кажуць, што Юры ўжо няма. А мы кажам, што ўсё адно будзем чакаць, пакуль нам не давядуць, што сапраўды яго няма. Вось бывае ж, што людзі і праз дваццаць, сорак, шэсцьдзесят гадоў знаходзяцца. Мы вось думаем: улады зменяцца, тады штось даведаемся – добрае або дрэннае, але штось даведаемся. А цяпер нічога невядома. Таму што яны ўсе там замешаныя, усе. Канечне, гэта палітычная гульня: любяць уладу, таму і людзей папрыбіралі”, – гаворыць сваячка Юрыя Захаранкі Любоў.

Маці Улляне Рыгораўне дапамагае падтрыманне суседзяў. “Юля, ты не хвалюйся, ён жывы, – перадае словы суседкі Улляна Захаранка. – Колькі я ні выкідаю на карты, то часта ўгадваю ўсім. А на Юру нідзе дрэнная карта не выпадае, толькі добрая”, – распавядае Улляна Захаранка.

Апазіцыйнаму палітыку Анатолю Лябедзьку Юрый Захаранка быў сябрам. Штогод старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі з паплечнікамі ўскладае кветкі ля пад’езду, дзе скралі былога міністра. На гэтую гадавіну вырашылі адмовіцца ад акцыі, за якую могуць пакараць 15 днямі арышту.

“Падстаўляць людзей у сённяшняй сітуацыі лічым немэтазгодным, таму вырашылі абмежавацца інфармацыяй і заяваю. А таксама мы нядаўна ездзілі да маці Юрася. Ладзім такую цімураўскую каманду, каб дапамагчы ёй у гаспадарцы, у двары ўпарадкаваць”, – гаворыць Анатоль Лябедзька.

На думку старшыні АГП спадара Лябедзькі, усім вядома, хто арганізатар і замоўца. І менавіта з гэтай прычыны справа да сённяшняга дня не дайшла да суда. “Арганізатары, выканаўцы і замоўцы забойства Юрася мусяць памятаць, што ніхто не забыты і нішто не забытае. І для мяне як палітыка галоўная задача – каб усе гэтыя тры катэгорыі атрымалі паводле заслугаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў