Экскурсія ў горад, які знікае


Спасавая Слабада – раён Гомля з унікальнаю гістарычнаю забудоваю. Згодна з генеральным планам дамы ХІХ ст. знішчаць.

Мясцовая чыноўнікі збіраюцца пазбавіць горад дамоў з непаўторным драўляным дэкорам. Актывісты ж краязнаўчай арганізацыі «Талака» прапаноўваюць перанесці ўзоры драўлянай спадчыны ў адзін раён, каб захаваць прынамсі выгляд гістарычнай часткі гораду. Яны ладзяць экскурсіі для ўсіх ахвотных, каб распавесці жыхарам Гомля пра багацце, якое яны могуць страціць. «Мы праз гэтыя экскурсіі хочам, каб гомельцы не толькі даведаліся пра каштоўныя дамы і тое хараство, якое ёсць у горадзе, але і хочам таксама звярнуць увагу на тое, што, паводле генеральнага плану, задумы гомельскіх уладаў, усё гэтае хараство будзе знішчанае цалкам», – кажа Яўген Меркіс.

Адсюль і назва ініцыятывы – «Горад, які знікае». Краязнаўцы і гісторыкі прапаноўваюць уладам кампраміс. «Мы не прапаноўваем захаваць увогуле ўсю драўляную архітэктуру. Мы прапаноўваем захаваць найбольш выбітныя ўзоры гэтай архітэктуры, каб яны стваралі, няхай і штучны, але раён. Каб і праз мноства гадоў мы мелі рэпрэзентатыўны выгляд Гомля пачатку ХХ ст. Не будзе гомельскай архітэктуры – мы не будзем ведаць, што такое архітэктурная разьба ў Беларусі ўвогуле», – кажа гісторык Андрэй Скідан. Як прызналася большасць наведнікаў экскурсіі, хоць яны жывуць у Гомлі не першы год, але нават і не ведалі, што тут ёсць такія будынкі.

Аднак пакуль выканаўчыя ўлады ігнаруюць гэтыя намаганні. Дастаткова прыгадаць гісторыю знішчэння гарадзенскага гістарычнага раёну Новы Свет, якое адбывалася пад прыкрыццём «рэканструкцыі». Тады гарадзенскія гісторыкі і неабыякавыя грамадзяне здолелі захаваць большую частку гістарычнай спадчыны. Якім будзе лёс Спасавай Слабады – даведаемся ўжо цягам гэтага года, калі, паводле генеральнага плану, мае распачацца разбурэнне ўнікальных будынкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў