Інваліды-вазочнікі звярнуліся да Лукашэнкі


Падчас мітынгу, што прайшоў 5 траўня ў Менску, вазочнікі заклікалі кіраўніка краіны забяспечыць іх канстытуцыйныя правы. Як гаворыцца ў прынятай на акцыі адозве, у дачыненні інвалідаў, якія перамяшчаюцца на вазках або прыкаваныя да ложка, у Беларусі парушаецца ці не выконваецца шэраг артыкулаў Канстытуцыі, у прыватнасці, тыя, што гарантуюць годнае жыццё, свабоду перамяшчэння, права на дастойнае сацыяльнае забеспячэнне.

Мітынг, арганізаваны Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-вазочнікаў з дазволу Менгарвыканкаму, прайшоў у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор з удзелам прыкладна 100 чалавек.

У адозве адзначаецца, што інваліды-вазочнікі зведваюць дыскрымінацыю. Між тым, як падкрэсліў на мітынгу старшыня асацыяцыі Яўген Шаўко, яны, як паўнапраўныя грамадзяне Беларусі, маюць роўныя правы і магчымасці з усімі іншымі грамадзянамі краіны.

Для забеспячэння роўных правоў і забароны дыскрымінацыі інвалідаў удзельнікі мітынгу лічаць неабходным найхутчэйшае далучэнне Беларусі да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў разам з факультатыўным пратаколам да яе.

У адозве гаворыцца, што актуальная праблема – недаступнасць гарадской інфраструктуры і адсутнасць у шматкватэрных жылых дамах безбар’ернага асяроддзя: высокія бардзюры, парогі, адсутнасць пандусаў. Пры гэтым, паводле розных падлікаў, у Беларусі ад 20 да 22 тысяч чалавек перамяшчаюцца ў інвалідных вазках.

Шаўко зазначыў, што палажэнні нарматыўна-прававых актаў адносна безбар’ернага асяроддзя часта супярэчлівыя. Гэтак, закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў” вызначае, што праектаванне і забудова паселішчаў, фармаванне жылых раёнаў, распрацоўванне праектных рашэнняў, будаўніцтва і рэканструкцыя будынкаў без прыстасавання для доступу інвалідаў і выкарыстання інвалідамі не дапускаецца.

Гэта азначае, зазначыў Шаўко, што кожны жылы дом мусіць мець свабодны безбар’ерны ўваход для інвалідаў, і такія дамы павінны будавацца адразу, у адпаведнасці з праектам. Аднак “праектоўнікі ды замоўцы карыстаюцца дыскрымінацыйным і не адпаведным заканадаўству тэхнічным прававым актам “Жылыя будынкі”. У сувязі з гэтым удзельнікі мітынгу заклікалі Лукашэнку “даручыць адпаведным органам прывесці нормы тэхнічнага прававога акту “Жылыя будынкі” ў адпаведнасць з законам “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў” і Канстытуцыяй.

Апрача таго, удзельнікі мітынгу выступілі за выдаванне інвалідам аўтатранспарту з ручным кіраваннем. Яны таксама лічаць неабходным улучэнне інвалідаў 1–2-й групаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату на машынах са знакамі “Інвалід” у пералік фізічных асобаў, якія прапускаюцца без чаргі пры праходжанні памежнага кантролю.

У адозве ўказваецца на неабходнасць даць індывідуальным прадпрымальнікам – інвалідам 1-й групы – права прыцягваць трох наёмных работнікаў, якія не ёсць сямейнікамі або блізкімі сваякамі ІП.

Прапаноўваецца таксама ўлучыць у пералік сацыяльных дапамог, які прадугледжвае кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузкаў згодна з указам прэзідэнта ад 19 студзеня 2012 года № 41 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”, аналагічныя ў функцыянальным прызначэнні прадметы: уралагічныя катэтары, якія выкарыстоўваюць мужчыны-інваліды.

belsat.eu

Стужка навінаў