Помста за “мусорка”?


https://youtu.be/3-x6Foewoi4

Пакуль Івана Амельчанку ўжо больш за тыдзень шукае міліцыя, ён адпачывае далёка ад Менску. Нашыя журналісты сустрэліся з аўтарам плакату “мусорок”, які не падаецца асабліва ўсхваляваным павышанай увагаю праваахоўнікаў.

На сёлетнім “Чарнобыльскім шляху” 25-гадовы Іван Амельчанка з самаробным плакатам стаў каля службоўца ў цывільным, які здымаў акцыю на відэа. Жарт маладога чалавека хутка стаўся хітом інтэрнэту, аднак калегі “мусорка” гумару не ацанілі.

Ужо на наступны дзень з ім выказаў жаданне паразмаўляць участковы, аднак не мог патлумачыць, навошта выклікаюць Амельчанку, таму той на спатканне не прыйшоў. Пасля таго, як малады чалавек з’ехаў ад гарадской мітусні ды пакрыўджаных людзей у цывільным на ўлонне прыроды, тэлефанавалі ягонай маці. Жанчыне паведамілі, што ейнага сына выклікаюць як сведку ў справе… масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Нагадаем, што справу ўжо даўно закрылі.

Сам Іван помсты не баіцца і спадзяецца абысціся некалькімі соднямі, хаця не выключае, што яго могуць і збіць у пастарунку.

“Ну, як гэта бывае, выклікаюць на нейкую размову, складуць пратакол, нейкі міліцыянт будзе сведкам. Я зрабіў гэта, бо мяне задзяўбло, што нашая міліцыя ходзіць у цывільным, не называецца і робяць такі выгляд, што іх нібыта і няма. Каб і яны пабачылі, што іх заўсёды бачна – гэтыя гладка паголеныя твары, начышчаныя боты, у пінжачку, з камераю, з гэткім навушнікам, дзе ён чуе ўсе загады. Я не шкадую. Мне падаецца, гэта было вельмі весела”, – упэўнены малады чалавек.

Дарэчы, Амельчанка ужо трапляў на 15 содняў падчас леташніх акцыяў маўклівага пратэсту.

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, пераследаваць маладога чалавека няма падставаў, бо працаўнік міліцыі ніяк не акрэсліў сваю прыналежнасць да праваахоўных органаў. За яго гэта зрабіў Іван.

“Фармальна яны, канечне, могуць распачаць закрытую крымінальную справу. Але я думаю, што справа ідзе не ў гэтым кірунку, а ў такім традыцыйным, каб прыцягнуць да адміністрацыйнай. А гэта – проста каб папужаць, наўрад ці ў нас паболее асуджаных у справе 19 снежня”, – мяркуе праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары