Пётр Мігурскі: Калгасы – гэта «чорная дзіра» для дзяржавы


Падчас сваёй паездкі па Меншчыне Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымаю прыватызацыю сельгаспрадпрыемстваў. Кандыдат эканамічных навук, адмысловец у сельскай гаспадарцы Пётр Мігрускі заўважае, што калі дзяржава трапляе ў складаную сітуацыю, тады чынавенства звяртаецца да рынкавых метадаў гаспадарання. “Прыватызацыя сельгасвытворчасці мае перспектыву. Іншая справа, што мы спазніліся і шлях гэты будзе цяжкі”, – мяркуе эксперт.

“Пройдзе некалькі гадоў і мы з вамі заўважым, што жыць можна без калгасаў, што прадукцыя больш чыстая, больш якасная і не такая дарагая, – гаворыць Пётр Мігурскі. – Чаму цяпер выспела неабходнасць прыватызацыі? Калгасы – гэта “чорная дзіра” для дзяржавы і для кожнага грамадзяніна Беларусі, бо ўсё непад’ёмна дорага і не так якасна, як гэта пазіцыянуюць улады. Мы дайшлі да мяжы. Цягнуць з прыватызацыяй сельгасвытворчасці ўжо немагчыма”.

Аднак калі прыватызацыя сапраўды распачнецца, хто стане новым гаспадаром сельскай гаспадаркі? Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перавага будзе аддавацца айчыннаму бізнесу. Магчыма, значная частка сельгаспрадпрыемстваў трапіць у рукі “вертыкалі”. „Хутчэй за ўсё, “вертыкаль” ужо адчула хуткі канец сённяшняй улады. І яна імкнецца “скочыць у апошні вагон”, каб мець нейкую ўласнасць і забяспечыць існаванне не толькі сабе, але і многім пакаленням, што будуць карыстацца вынікам гэтай прыватызацыі”, – заявіў Пётр Мігурскі.

Адмысловец упэўнены, што ў рынкавай мадэлі беларускай сельгасвытворчасці знойдзецца месца і для мармуровага мяса, і для гадоўлі авечак, чаго так хоча цяперашні кіраўнік дзяржавы. Вядома, калі на гэта будзе попыт. “Што трэба для таго, каб у нас сельская гаспадарка развівалася, – дык гэта трэба гэтым уладам сысці. Добраахвотна сысці, не перашкаджаць людзям жыць. Будзе ў нас дэмакратыя – будуць і авечкі”, – дадаў сп. Мігурскі.

belsat.eu

Стужка навінаў