Беларусы вінныя $ 4 млн за паслугі ЖКГ


Агульная запазычанасць беларусаў за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі складае Br 32,3 мрд, што эквівалентна $ 4 млн. У краіне амаль 200 000 сем’яў, што не могуць аплаціць рахункаў. Гэтае войска даўжнікоў можна параўнаць з насельніцтвам абласнога гораду кшталту Гомлю.

У першым квартале за нявыплату былі адлучаныя вада, электрычнасць і газ 9600 сем’ям. У суды падалі 2000 пазоваў на спагнанне запазычанасцяў. Паводле інфармацыі Міністэрства ЖКГ, за доўгатэрміновыя даўгі выселеныя 25 сем’яў.

Пратэрмінаваная запазычанасць ёсць у 5,3 % няплатнікаў краіны – гэта 175 300 дамоў.

Катастрафічны стан спрабуюць вырашыць на мясцовым узроўні. З красавіка 2012 г. упраўленні сацыяльнай абароны райвыканкамаў выдаюць сацыяльную дапамогу і на аплату паслугаў ЖКГ, і на пагашэнне запазычанасцяў у іх. Аднаразовая дапамога можа быць ад 5 да 10 бюджэтаў пражытковага мінімуму – ад Br 3,7 млн да Br 7,4 млн. Ёсць магчымасць штомесячных выплатаў. Прэтэндаваць на дзяржаўную дапамогу могуць тыя сем’я, дзе сярэдні даход на аднаго чалавека не большы за Br 1 млн 144,5 тысяч. Прэтэндэнт на дапамогу мусіць прынесці ўсе неабходныя даведкі ды патлумачыць, чаму аказаўся ў цяжкім матэрыяльным стане.

Што да тэрмінаў аказання дапамогі на аплату паслугаў ЖКГ, то яна ідзе марудна. Да прыкладу, за тры сёлетнія месяцы толькі два жыхары Фрунзенскага раёну сталіцы атрымалі гэтую адрасную дапамогу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары