Сяргей Каваленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні


Пра гэта ён паведаміў сваёй маці Лідзіі Каваленцы, якая 4 траўня сустрэлася з ім у СІЗА.

Як паведаміла жонка асуджанага Алена Каваленка, у ізалятары яго ўгаворвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак Сяргей заявіў, што для яго гэта непрымальна.

У СІЗА на Валадарскага Каваленку этапавалі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя (Навінкі), дзе амаль месяц праводзілі экспертызу ягонага псіхічнага здароўя.

Як паведаміла Алена Каваленка, ва ўпраўленні Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС маці паведамілі, што адмыслоўцы прызналі ейнага сына псіхічна здаровым.

Лідзія Каваленка, у сваю чаргу, хадайнічала, каб сына, які ўсё яшчэ не ачуняў пасля працяглай галадоўкі, цягам якой страціў больш за палову вагі, паклалі ў цывільны шпіталь, дзе медыкі змаглі б яго абследаваць і аказаць больш якасную, чымся ў турме, медычную дапамогу. Аднак ёй адмовілі, заявіўшы, што не бачаць у гэтым неабходнасці, паведаміла жонка апазіцыянера.

Яна таксама паінфармавала, што, магчыма, ужо ў панядзелак 7 траўня Сяргея Каваленку этапуюць у Віцебскі СІЗА, дзе ён заставаўся першыя два месяцы зняволення і дзе, як ён кажа, на яго аказваўся ціск, які можна лічыць катаваннямі.

belsat.eu

Стужка навінаў