Класкоўскі: 500 долараў патрэбныя Лукашэнку дзеля псіхалагічнай рэабілітацыі


Лукашэнка паўтарае перадвыбарчыя абяцанні павысіць заробкі да 500 долараў да канца 2012 г. Чаму пасля леташняга крызісу ўлады зноў выбралі стратэгію “жыцця не паводле сродках”, тлумачыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Лукашэнка перажывае псіхалагічную траўму

“З-за леташняга абвалу пасля штучнай нагонкі заробкаў да 500 долараў Лукашэнка перажывае псіхалагічную траўму. Бо апаненты папракаюць яго 500 доларамі ды наступным апусканнем жыццёвага ўзроўню ніжэй за калена. І цяпер ён хоча ў вачах электарату рэабілітавацца – даказаць, што гэта былі не пустыя словы, а што ён рэальна можа гэта забяспечыць. Для яго важны PR-момант, элемент абнаўлення ягонага іміджу і рэйтынгу, які істотна знізіўся праз крызіс”, – кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Размовы пра “магічныя” 500 долараў вярнуліся з-за блізкасці парламенцкіх выбараў. І ўлады вырашылі даць народу трохі пернікаў, каб не давялося заганяць выбарцаў на ўчасткі кіямі, мяркуе эксперт.

Наступіць на тыя ж граблі

Натуральна, калі аднойчы на гэтыя граблі наступалі, то існуе рызыка, што такі валюнтарысцкі падыход можа зноў закінуць эканоміку ў штопар, папярэджвае палітолаг:

“Магчыма, што адною рукою дадуць, а потым неўпрыкмет з кішэні павыцягваюць другою рукою. Гэта ўлады Беларусі робяць увесь час. Разлік на тое, што ёсць не надта прасунутая частка насельніцтва, якая па-дзіцячы радуецца падарункам да нейкіх святаў і электаральных падзеяў, не надта ўсведамляючы, што потым праз інфляцыю і дарагоўлю ўсё гэта хуценька дзяржава забярэ назад”.

Улады не сябруюць з эканомікаю

На меркаванне Класкоўскага, у Лукашэнкі няма шанцаў павысіць заробкі без эканамічных стратаў. Або ўлучаць друкавальны станок, або залезуць у золатавалютныя запасы.

“Сярэдні заробак беларуса цяпер ніжэйшы за 400 долараў, і нагнаць трэба сотню з гакам за 4–5 месяцаў. Азбука эканомікі палягае на тым, што заробкі мусяць адставаць ад росту прадукцыйнасці працы. То бок атрымліваецца, што прадукцыйнасць працы трэба павысіць на 20 %. А гэтага не зрабіць шчоўканнем пугаю і загадамі “давай-давай”, а толькі за кошт сучасных тэхналогіяў, разумнай арганізацыі працы. А значыць, патрэбныя заходнія інвестыцыі, трэба аддаваць неэфектыўныя прадпрыемствы прыватнаму ўласніку. Каб пайшлі інвестыцыі, неабходна наладжваць дачыненні з Захадам. Тут такі шэраг задачаў, якія за тыдзень-два не вырашыш. А часу няма – і тым больш няма палітычнай волі. Так хутка гэтыя вузлы не развяжуцца”, – робіць выснову спадар Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў