Маргарыта Лавышык: Пагражалі вывезці ў лес і расстраляць


Маргарыта Лавышык, дзяўчына Вячаслава Дзіянава, лідара суполкі «УКантакце» «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», заявіла пра пагрозы з боку міліцыянтаў і працаўнікоў КДБ. Сілавікі змусілі дзяўчыну начытаць на відэакамеру паклёпніцкі тэкст.

«Міліцыя пагражала нам тым, што хацела вывезці ў лес і расстраляць, – гаворыць Маргарыта Лавышык. – Допыт доўжыўся восем гадзінаў, на мяне аказвалі моцны псіхалагічны ціск. Былі пагрозы расправіцца з маімі роднымі і блізкімі».

Затрыманне адбылося ў кватэры дзяўчыны 18 красавіка, калі яна збіралася выехаць у Польшчу да Дзіянава. У кватэру ўварваліся міліцыянты ды сілаю даставілі дзяўчыну ў РУУС Маскоўскага раёну.

Гэтыя восем гадзінаў допыту дзяўчына называе катаваннем. «КДБ склаў тэкст, які я чытала з аркушу на відэакамеру, гэта быў паклёп на мяне і Вячаслава Дзіянава. Я заяўляю, што ўсе словы, сказаныя мною на тым відэазапісы, не ёсць праўдаю», – заявіла Маргарыта Лавышык. У гэтым тэксце дзяўчына «прызналася», што дапамагае суполцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ды атрымлівае за гэта грошы. Людзі, што праводзілі допыт, пагражалі таксама апублікаваць здымкі Маргарыты ў стылі «ню»: дзяўчына – фотамадэль і такія фотаздымкі былі зробленыя ў адной з менскіх студыяў.

Маргарыта дадала, што ніякіх папераў падчас затрымання яна не падпісвала і на супрацу са спецслужбамі не пагаджалася.

belsat.eu

Стужка навінаў