Менская вобласць чакае 1.2 млрд$ інвестыцый


Да 2015 года ў Мeнскай вобласці плануецца пабудаваць 24 транспартна-лагістычныя цэнтры, паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Скакун.

“Дзяржаўнай праграмай развіцця лагістычнай сістэмы да 2015 года прадугледжана будаўніцтва 48 транспартна-лагістычных цэнтраў, з іх 24 — у Менскай вобласці”, — сказаў Скакун. Ён падкрэсліў, што на стварэнне гэтых цэнтраў спатрэбіцца прыкладна 1,2 млрд. долараў інвестыцый. Паводле яго слоў, 95% аб’ектаў, якія будуюцца ў Менскай вобласці, прыпадаюць на прыватныя кампаніі.

Скакун заявіў, што Беларусь мае выгаднае геаграфічнае становішча і павінна ім скарыстацца для павелічэння грузапатокаў і папаўнення прыбытковай часткі бюджэту.

“Паводле прагнозаў экспертаў, да 2015 года чакаецца падваенне аб’ёму грузаперавозак па Беларусі — з 220 да 440 млн. тон у год. І мы будзем мець прыбаўку ў бюджэт як ад выплаты падаткаў, так і ад аказання транспартна-лагістычных паслуг”, — падкрэсліў намеснік старшыні Мінаблвыканкама.

Паводле яго слоў, за першы квартал гэтага года аўтамабільны грузапаток вырас на 25%. Гэта шмат у чым звязана з уваходжаннем Беларусі ў Мытны саюз. “80% грузаў ідзе ў краіны Мытнага саюза”, — адзначыў Скакун.

Ён заявіў, што краіна зацікаўлена самастойна аказваць грузаперавозчыкам увесь комплекс транспартна-лагістычных паслуг: пагрузка, разгрузка, захоўванне, перавальванне, маркіроўка, упакоўка. “Таму мы павінны мадэрнізаваць старыя складскія памяшканні і пабудаваць новыя транспартна-лагістычныя цэнтры”, — лічыць Скакун.

Вялікая ўвага будзе нададзена і сэрвісу, “каб у перавозчыкаў была магчымасць не толькі даставіць груз і атрымаць увесь комплекс паслуг, але таксама паесці, адпачыць, заправіцца, памыць аўтамабіль, гэта значыць да аднаго віду бізнесу прымацоўваецца ланцужок паслуг, якія дазволяць нам зарабляць”.

belsat.eu

Стужка навінаў